Хрысціянства
назад

МАЦЬВЕЯ 23

1Тады Ісус прамовіў да натоўпаў і вучняў Сваіх,

2кажучы: «На Майсеевай лаве паселі кніжнікі і фарысэі.

3Дык усё, што скажуць вам захоўваць, захоўвайце і рабіце, але не рабіце паводле ўчынкаў іхніх, бо яны кажуць і ня робяць.

4Бо яны вяжуць цяжары цяжкія і невыносныя і ўскладаюць на плечы людзям, а самі пальцам сваім ня хочуць зрушыць іх.

5Усе ж учынкі свае яны робяць, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філяктэрыі свае і павялічваюць крысо шатаў сваіх,

6і любяць першыя месцы на вячэрах і першыя месцы ў сынагогах,

7і вітаньні на рынку, і каб людзі называлі іх: “Раббі, раббі!”

8А вы не называйцеся “раббі”, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос, а ўсе вы — браты.

9І айцом сабе не называйце [нікога] на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Які ў небе.

10І не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос.

11А большы з вас няхай будзе вам за слугу.

12Усякі ж, хто ўзвысіць сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, будзе ўзвышаны.

13Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што зачыняеце Валадарства Нябеснае перад людзьмі; бо самі не ўваходзіце, і тым, што ўваходзяць, не дазваляеце ўвайсьці.

14Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што аб’ядаеце дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моліцеся; за гэта атрымаеце цяжэйшы прысуд.

15Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што абыходзіце мора і сухмень, каб зрабіць хоць аднаго празэлітам, і, калі станецца, робіце яго сынам геенны, удвая [горшым] за вас.

16Гора вам, павадыры сьляпыя, якія кажаце: “Калі хто прысягне бажніцаю, гэта нічога, а калі хто прысягне золатам бажніцы, дык вінен”.

17Дурныя і сьляпыя! Бо што большае: золата або бажніца, якая асьвячае золата?

18І: “Калі хто прысягне ахвярнікам, гэта нічога, а калі хто прысягне дарам, які на ім, дык вінен”.

19Дурныя і сьляпыя! Бо што большае: дар або ахвярнік, які асьвячае дар?

20Дык той, хто прысягае ахвярнікам, прысягае і ім, і ўсім, што на ім;

21і хто прысягае бажніцаю, прысягае ёю і Тым, Хто жыве ў ёй;

22і хто прысягае небам, прысягае пасадам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім.

23Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што даяцё дзесяціну з мяты, аніжу і кмену, і пакінулі найважнейшае ў Законе: суд, і міласэрнасьць, і веру; гэтае трэба было рабіць, і таго не пакідаць.

24Павадыры сьляпыя, якія адцэджваеце камара, а глытаеце вярблюда!

25Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што ачышчаеце звонку келіх і місу, а ўнутры яны напоўненыя рабункам і непаўстрыманасьцю.

26Фарысэй сьляпы, ачысьці перш знутры келіх і місу, каб і звонку сталіся чыстымі.

27Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што падобныя да магілаў павапленых, якія звонку выглядаюць прыгожымі, а ўнутры напоўненыя косткамі мёртвых і ўсялякай нячыстасьцю.

28Гэтак і вы звонку выглядаеце людзям праведнымі, а ўнутры поўныя крывадушнасьці і беззаконьня.

29Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што будуеце магілы прарокам, і аздабляеце надмагільлі праведнікаў,

30і кажаце: “Калі б мы былі ў дні бацькоў нашых, не былі б супольнікамі іхнімі ў крыві прарокаў”.

31Так што вы самі сьведчыце, што вы — сыны тых, якія забівалі прарокаў.

32Дапаўняйце ж меру бацькоў вашых.

33Зьмеі, спараджэньні яхідны, як уцячэце вы ад асуджэньня ў геенну?

34Вось, дзеля гэтага Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; і вы адных заб’яцё і ўкрыжуеце, і іншых будзеце біць у сынагогах вашых і гнаць з горада ў горад.

35Няхай жа прыйдзе на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Абэля праведнага да крыві Захарыі, сына Барахіі, якога вы забілі між бажніцаю і ахвярнікам.

36Сапраўды кажу вам, што ўсё гэтае прыйдзе на пакаленьне гэтае.

37Ерусалім, Ерусалім, які забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе! Колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крылы, і вы не захацелі.

38Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты.

39Бо кажу вам: ня будзеце бачыць Мяне ад сёньня, пакуль ня скажаце: “Дабраслаўлёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада”».

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath