Хрысціянства
назад

МАЦЬВЕЯ 15

1Тады прыходзяць да Ісуса з Ерусаліму кніжнікі і фарысэі, кажучы:

2«Чаму вучні Твае адступаюцца ад традыцыяў старэйшых? Бо ня мыюць рукі свае, калі ядуць хлеб».

3Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Чаму і вы адступаецеся ад прыказаньня Божага дзеля традыцыяў вашых?

4Бо Бог загадаў, кажучы: “Шануй бацьку твайго і маці”, і: “Хто праклінае бацьку ці маці, няхай сьмерцю памрэ”.

5А вы кажаце: “Калі хто скажа бацьку або маці: 'Дар [Богу] тое, чым ты ад мяне карыстаўся',

6той можа і не шанаваць бацьку свайго ці маці сваю”. І вы пазбавілі сілы прыказаньне Божае дзеля традыцыяў вашых.

7Крывадушнікі! Слушна прарочыў пра вас Ісая, кажучы:

8“Народ гэты набліжаецца да Мяне вуснамі сваімі і губамі шануе Мяне; а сэрца іхняе трымаецца далёка ад Мяне.

9Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньняў і пастановаў чалавечых”».

10І, паклікаўшы натоўп, сказаў ім: «Слухайце і разумейце:

11Ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека, але тое, што выходзіць з вуснаў, апаганьвае чалавека».

12Тады вучні Ягоныя, падыйшоўшы, казалі Яму: «Ці ведаеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, згоршыліся?»

13Ён жа, адказваючы, сказаў: «Усякая расьліна, якую не пасадзіў Айцец Мой Нябесны, будзе выкарчавана.

14Пакіньце іх; яны — сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы вядзе сьляпога, абодва ўваляцца ў яму».

15Пётар жа, адказваючы, сказаў Яму: «Растлумач нам прыповесьць гэтую».

16А Ісус сказаў: «Няўжо і вы такія няцямкія?

17Ці ж яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, трапляе ў жывот і выкідаецца прэч?

18А тое, што выходзіць з вуснаў, — з сэрца выходзіць; гэта апаганьвае чалавека.

19Бо з сэрца выходзяць злыя думкі, забойствы, распуснасьць, чужалоства, крадзяжы, фальшывыя сьведчаньні, блюзьнерствы.

20Гэта апаганьвае чалавека, а есьці нямытымі рукамі не апаганьвае чалавека».

21І, выйшаўшы адтуль, Ісус адыйшоў у межы Тыру і Сідону.

22І вось жанчына Хананейская, выйшаўшы з тых ваколіцаў, крычала Яму, кажучы: «Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, Сыне Давідаў! Дачка мая цяжка апанаваная дэманам!»

23А Ён не адказаў ёй ані слова. І вучні Ягоныя, падыйшоўшы, прасілі Яго, кажучы: «Адпусьці яе, бо яна крычыць за намі».

24Ён жа, адказваючы, сказаў: «Я пасланы толькі да авечак з дому Ізраіля, якія загінулі».

25А яна, прыйшоўшы, пакланілася Яму, кажучы: «Госпадзе! Дапамажы мне».

26Ён жа, адказваючы, сказаў: «Ня добра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам».

27А яна сказала: «Так, Госпадзе! Але і сабакі ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх».

28Тады, адказваючы, Ісус сказаў ёй: «О, жанчына! Вялікая вера твая; няхай станецца табе, як ты хочаш». І была аздароўленая дачка ейная з тае гадзіны.

29І, перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілейскага і, узыйшоўшы на гару, сеў там.

30І падыйшлі да Яго шматлікія натоўпы, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, калекаў і шмат іншых, і пакінулі іх каля ног Ісуса; і Ён аздаравіў іх,

31так што натоўп зьдзіўляўся, бачачы, што нямыя гавораць, калекі здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сьляпыя бачаць, і славіў Бога Ізраіля.

32А Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў: «Шкада Мне гэтых людзей, што ўжо тры дні са Мною і ня маюць, што есьці; і не хачу адпусьціць іх галоднымі, каб не саслабелі ў дарозе».

33І кажуць Яму вучні Ягоныя: «Адкуль у нас у пустыні столькі хлеба, каб накарміць гэтакі натоўп?»

34І кажа ім Ісус: «Колькі маеце хлябоў?» Яны ж сказалі: «Сем, і некалькі рыбак».

35І Ён загадаў натоўпам узьлегчы на зямлі.

36І, узяўшы сем хлябоў і рыбы, падзякаваўшы, паламаў і даў вучням Сваім, а вучні — натоўпу.

37І елі ўсе, і наеліся; і сабралі кавалкаў, што засталіся, сем кашоў поўных.

38А тых, што елі, было чатыры тысячы мужчынаў, акрамя жанчынаў і дзяцей.

39І, адпусьціўшы натоўп, Ён увайшоў у човен і прыйшоў у ваколіцы Магдалы.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath