Хрысціянства
назад

МАЦЬВЕЯ 14

1У той час пачуў Ірад тэтрарх чутку пра Ісуса

2і сказаў слугам сваім: «Гэта Ян Хрысьціцель; ён уваскрошаны з мёртвых, і дзеля гэтага цуды дзеюцца праз яго».

3Бо Ірад, схапіўшы Яна, увязьніў яго і пасадзіў у вязьніцу за Ірадыяду, жонку Філіпа, брата свайго,

4бо Ян казаў яму: «Не належыцца табе мець яе».

5І, хочучы забіць яго, баяўся натоўпу, бо яго мелі за прарока.

6А калі Ірад спраўляў народзіны, дачка Ірадыяды таньчыла пасярод іх і спадабалася Іраду.

7Таму ён з прысягаю паабяцаў ёй даць, чаго б ні папрасіла.

8Яна ж, падвучаная маці сваёй, сказала: «Дай мне тут на місе галаву Яна Хрысьціцеля».

9І засумаваў валадар, але дзеля прысягі і тых, што ўзьлягалі з ім, загадаў даць.

10І паслаў адсячы галаву Яну ў вязьніцы.

11І прынесьлі галаву яго на місе, і далі дзяўчыне, і яна занесла маці сваёй.

12І вучні ягоныя, прыйшоўшы, узялі цела і пахавалі яго; і, пайшоўшы, паведамілі Ісусу.

13І, пачуўшы, Ісус адыйшоў адтуль на чаўне ў пустыннае месца адзін, і натоўп, пачуўшы тое, пайшоў за Ім з гарадоў пехатою.

14І, выйшаўшы, Ісус убачыў шматлікія натоўпы, і зьлітаваўся над імі, і аздаравіў нямоглых іхніх.

15А калі настаў вечар, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Тут месца пустыннае, і гадзіна ўжо позьняя; адпусьці натоўпы, каб, пайшоўшы ў мястэчкі, купілі сабе ежы».

16А Ісус сказаў ім: «Ня трэба ім ісьці. Вы дайце ім есьці».

17Яны ж кажуць Яму: «Нічога тут ня маем, толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы».

18А Ён сказаў: «Прынясіце Мне іх сюды».

19І, загадаўшы натоўпам узьлегчы на траве, узяў пяць хлябоў і дзьве рыбы, і, зірнуўшы ў неба, дабраславіў і, паламаўшы, даў вучням хлеб, а вучні — натоўпу.

20І елі ўсе, і насыціліся; і сабралі кавалкаў, што засталіся, дванаццаць поўных кашоў.

21А тых, што елі, было каля пяці тысячаў мужчынаў, акрамя жанчынаў і дзяцей.

22І адразу змусіў Ісус вучняў Сваіх увайсьці ў човен і плысьці перш за Яго на другі бок, пакуль Ён адпусьціць натоўпы.

23І, адпусьціўшы натоўпы, Ён узыйшоў на гару памаліцца насамоце; і, як надыйшоў вечар, быў там адзін.

24А човен ужо быў пасярод мора, кіданы хвалямі, бо вецер быў супраціўны.

25А ў чацьвёртую варту ночы пайшоў да іх Ісус, ідучы па моры.

26І вучні, убачыўшы Яго, як ішоў па моры, стрывожыліся, кажучы: «Гэта здань», і ад страху закрычалі.

27Ісус жа адразу загаварыў з імі, кажучы: «Будзьце пэўныя, гэта Я; ня бойцеся».

28Адказваючы ж Яму, Пётар сказаў: «Госпадзе! Калі гэта Ты, загадай мне ісьці да Цябе па вадзе».

29Ён жа сказаў: «Ідзі». І, выйшаўшы з чаўна, Пётар пайшоў па вадзе, ідучы да Ісуса.

30Але, бачачы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў, кажучы: «Госпадзе, ратуй мяне!»

31А Ісус адразу, працягнуўшы руку, схапіў яго і кажа яму: «Малаверны! Чаму ты засумняваўся?»

32І калі ўвайшлі яны ў човен, вецер сьціх.

33А тыя, што былі ў чаўне, падыйшоўшы, пакланіліся Яму, кажучы: «Сапраўды, Ты — Сын Божы!»

34І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Генэсарэцкую.

35І людзі тамтэйшыя, пазнаўшы Яго, паслалі ў-ва ўсю ваколіцу тую, і прынесьлі да Яго ўсіх хворых.

36І прасілі Яго, каб толькі дакрануцца да краю адзеньня Ягонага; і ўсе, якія дакрануліся, былі аздароўленыя.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath