Хрысціянства
назад

МАЦЬВЕЯ 11

1І сталася, калі скончыў Ісус загадваць дванаццаці вучням Сваім, пайшоў адтуль вучыць і абвяшчаць у гарады іхнія.

2Ян жа, пачуўшы ў вязьніцы пра дзеяньні Хрыста, паслаў двух вучняў сваіх

3сказаць Яму: «Ці Ты — Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам іншага?»

4І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Ідзіце, паведаміце Яну, што чуеце і бачыце:

5сьляпыя бачаць і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць і ўбогім дабравесьціцца.

6І шчасьлівы той, хто ня згоршыцца праз Мяне».

7Калі ж тыя пайшлі, Ісус пачаў гаварыць да натоўпаў пра Яна: «Што глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трысьціну, якую вецер хістае?

8Але што хадзілі вы ўбачыць? Ці чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Вось, тыя, што носяць мяккія шаты, знаходзяцца ў дамах валадарскіх.

9Але што хадзілі вы ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока.

10Бо ён ёсьць той, пра якога напісана: “Вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою”.

11Сапраўды кажу вам: Сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Яна Хрысьціцеля, але найменшы ў Валадарстве Нябесным большы за яго.

12Ад дзён Яна Хрысьціцеля дагэтуль Валадарства Нябеснае сілаю здабываецца, і тыя, хто ўжывае сілу, захопліваюць яго.

13Бо ўсе Прарокі і Закон прарочылі да Яна.

14І калі маеце прыняць, ён ёсьць Ільля, якому належыць прыйсьці.

15Хто мае вушы слухаць, няхай слухае.

16З кім параўнаю пакаленьне гэтае? Яно падобнае да дзяцей, якія сядзяць на вуліцы і клічуць да таварышаў сваіх,

17і кажуць: “Мы гралі вам на жалейцы, і вы не скакалі; мы галасілі, і вы ня плакалі”.

18Бо прыйшоў Ян, ня есьць, ня п’е, і кажуць: “Дэмана мае”.

19Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е; і кажуць: “Вось, чалавек — абжора і п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў”. І апраўдана мудрасьць дзецьмі яе».

20Тады пачаў Ён дакараць гарады, у якіх найбольш сталася цудаў Ягоных, за тое, што яны не навярнуліся:

21«Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў вас, даўно б яны ў зрэбніцы і ў попеле навярнуліся.

22Аднак кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў дзень суду, чым вам.

23І ты, Капэрнаум, які да неба ўзьнёсся, у пекла скінуты бу­дзеш. Бо калі б у Садоме сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў табе, ён застаўся б да гэтага дня.

24Аднак кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень суду, чым табе».

25У той час, адказваючы, Ісус сказаў: «Вызнаю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты схаваў гэтае ад мудрых і разумных, і адкрыў немаўлятам.

26Так, Айцец, бо гэтак было даспадобы Табе.

27Усё Мне аддадзена Айцом Маім, і ніхто не спазнаў Сына, акрамя Айца; і ніхто не спазнаў Айца, акрамя Сына і каму Сын пастанавіў адкрыць.

28Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я дам вам супачынак.

29Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я — ціхі і пакорнага сэрца, і знойдзеце супачынак душам вашым.

30Бо ярмо Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі».

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath