Хрысціянства
назад

ЛУКІ 9

1Паклікаўшы ж дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім моц і ўладу над усімі дэманамі і аздараўляць хваробы.

2І паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць нядужых.

3І сказаў ім: «Нічога не бярыце ў дарогу: ані кія, ані торбы, ані хлеба, ані срэбра, і каб двух вопратак ня мелі.

4І ў які дом увойдзеце, там заставайцеся, і адтуль выпраўляйцеся;

5і калі дзе ня прыймуць вас, то, выходзячы з таго гораду, абтрасіце і пыл з ног вашых у сьведчаньне супраць іх».

6Пайшоўшы, яны праходзілі праз мястэчкі, дабравесьцячы і аздараўляючы паўсюль.

7А тэтрарх Ірад пачуў пра ўсё, што дзеялася праз Яго, і быў зьбянтэжаны, бо адны казалі, што гэта Ян устаў з мёртвых;

8а другія — што Ільля зьявіўся, а іншыя — што адзін са старадаўніх прарокаў уваскрос.

9І сказаў Ірад: «Яна я сьцяў. А хто Гэты, пра Якога я чую такое?» І шукаў убачыць Яго.

10І вярнуўшыся, апосталы расказалі Яму, што яны зрабілі, і Ён, узяўшы іх, пайшоў асобна ў пустыннае месца каля гораду, называнага Бэтсаіда.

11Але народ, даведаўшыся, пайшоў за Ім; і Ён, прыняўшы іх, гаварыў з імі пра Валадарства Божае, і тых, якія мелі патрэбу ў аздараўленьні, аздараўляў.

12Калі ж дзень пачаў зыходзіць, прыступіўшы да Яго, Дванаццаць сказалі Яму: «Адпусьці натоўп, каб яны, пайшоўшы ў навакольныя мястэчкі і вёскі, пераначавалі і знайшлі ежу, бо мы тут у пустынным месцы».

13Ён жа сказаў ім: «Вы дайце ім есьці». А яны сказалі: «У нас няма больш за пяць хлябоў і дзьве рыбы. Хіба што мы, пайшоўшы, купім ежы для ўсіх гэтых людзей?»

14Бо іх было пяць тысячаў чалавек. Але Ён сказаў вучням Сваім: «Рассадзіце іх шэрагамі па пяцьдзясят».

15І зрабілі так, і рассадзілі ўсіх.

16Ён жа, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы і зірнуўшы ў неба, дабраславіў іх, паламаў і даў вучням, каб раздалі натоўпу.

17І елі, і насыціліся ўсе; і назьбіралі пазасталых кавалкаў дванаццаць кашоў.

18І сталася, калі Ён маліўся асобна, вучні былі з Ім, і Ён спытаўся ў іх, кажучы: «Кім называе Мяне натоўп?»

19Яны, адказваючы, сказалі: «Янам Хрысьціцелем, а іншыя — Ільлём; а іншыя — што адзін са старадаўных прарокаў уваскрос».

20Ён жа сказаў ім: «А вы кім называеце Мяне?» Адказваючы, Пётар сказаў: «Хрыстом Божым».

21Але Ён строга загадаў ім нікому не гаварыць пра гэта,

22сказаўшы, што Сын Чалавечы мусіць шмат перацярпець, і быць адкінутым старшынямі, і першасьвятарамі, і кніжнікамі, і будзе забіты, і на трэці дзень уваскрэсьне.

23Да ўсіх жа сказаў: «Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, і бярэ крыж свой штодзень, і ідзе за Мною.

24Бо хто хоча збавіць душу сваю, загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, той збавіць яе.

25Бо якая карысьць чалавеку здабыць увесь сьвет, а сябе самога загубіць, ці пашкодзіць сабе?

26Бо хто пасаромеецца Мяне і словаў Маіх, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прый­дзе ў славе Сваёй, і Айца, і сьвятых анёлаў.

27Кажу вам праўдзіва, ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Валадарства Божага».

28І сталася праз восем дзён пасьля словаў гэтых, узяўшы Пятра, Яна і Якуба, Ён узыйшоў на гару маліцца.

29І калі Ён маліўся, стаўся выгляд аблічча Ягонага іншым, і адзеньне Ягонае сталася белым, бліскучым.

30І вось, два мужы гутарылі з Ім, а былі гэта Майсей і Ільля,

31якія, зьявіўшыся ў славе, гаварылі пра зыход Ягоны, што Ён меўся споўніць у Ерусаліме.

32Пётар жа і тыя, што з ім, былі ахопленыя сном; а прачнуўшыся, убачылі славу Ягоную і двух мужоў, якія стаялі з Ім.

33І сталася, калі тыя адыходзілі ад Яго, сказаў Пётар Ісусу: «Настаўнік! Добра нам тут быць. Зробім тры намёты: адзін — Табе, адзін — Майсею, і адзін — Ільлі», — ня ведаючы, што кажа.

34Калі ж ён гаварыў гэтае, зьявілася воблака і агарнула іх; і яны перепалохаліся, калі ўвайшлі ў воблака.

35І стаўся голас з воблака, які казаў: «Гэта ёсьць Сын Мой улюбёны; Яго слухайце».

36І калі быў голас гэты, застаўся Ісус адзін. І яны замаўчалі, і нікому не абвясьцілі ў тыя дні, што бачылі.

37І сталася на наступны дзень, як яны зыйшлі з гары, сустрэў Яго вялікі натоўп.

38І вось нейкі чалавек з натоўпу крыкнуў, кажучы: «Настаўнік! Малю Цябе, глянь на сына майго, бо ён адзінародны ў мяне.

39І вось дух бярэ яго, і ён неспадзявана крычыць, і тузае яго з пенай; і ледзь адступае ад яго, разьбіўшы яго.

40І я прасіў вучняў Тваіх выгнаць яго, і яны не змаглі».

41Ісус жа, адказваючы, сказаў: «О, пакаленьне бязьвернае і сапсаванае! Дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? Прывядзі сюды сына твайго».

42Калі ж той падыходзіў, дэман кінуў яго і затрос; але Ісус забараніў духу нячыстаму, і аздаравіў хлопца, і аддаў яго бацьку ягонаму.

43І ўсе дзівіліся велічы Божай. Калі ж усе дзівіліся ўсяму, што ўчыніў Ісус, Ён сказаў вучням Сваім:

44«Палажыце ў вушы свае словы гэтыя: Сын Чалавечы мае быць выдадзены ў рукі чалавечыя».

45Але яны не зразумелі слова гэтага, і яно было закрытае ад іх, каб яны ўцяміць яго; а спытацца ў Яго пра слова гэтае яны баяліся.

46Прыйшла ж ім думка, хто з іх быў бы большы?

47А Ісус, убачыўшы думкі сэрца іхняга, узяўшы дзіця, паставіў яго перад Сабою

48і сказаў ім: «Хто прыйме гэтае дзіця ў імя Маё, Мяне прыймае, а хто Мяне прыйме, прыймае Таго, Які паслаў Мяне. Бо хто з вас меншы за ўсіх, той будзе вялікі».

49Адказваючы, Ян сказаў: «Настаўнік! Мы бачылі [чалавека], які ў імя Тваё выганяў дэманаў, і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі».

50І сказаў яму Ісус: «Не забараняйце, бо хто ня супраць вас, той за вас».

51І сталася, калі набліжаліся дні ўзяцьця Яго, Ён зьвярнуў аблічча Сваё ісьці ў Ерусалім

52і паслаў весьнікаў перад абліччам Сваім. І яны, пайшоўшы, увайшлі ў мястэчка Самаранскае, каб падрыхта­ваць [месца] для Яго,

53але там не прынялі Яго, бо аблічча Ягонае было скіраванае ў Ерусалім.

54Убачыўшы гэта, вучні Ягоныя Якуб і Ян сказалі: «Госпадзе! Ці хочаш, мы скажам, каб агонь зыйшоў з неба і зьнішчыў іх, як і Ільля зрабіў?»

55Але Ён, павярнуўшыся да іх, забараніў ім і сказаў: «Ня ведаеце, якога вы духа,

56бо Сын Чалавечы прыйшоў не загубіць душы чалавечыя, але збавіць». І пайшлі ў другое мястэчка.

57І сталася, калі яны былі ў дарозе, нехта сказаў Яму: «Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў, Госпадзе!»

58І сказаў яму Ісус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе галаву прыхіліць».

59А другому сказаў: «Ідзі за Мною». Той сказаў: «Госпадзе! Дазволь мне, адыйшоўшы, перш пахаваць бацьку майго».

60Але Ісус сказаў яму: «Пакінь мёртвым хаваць мёртвых сваіх, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае».

61І другі сказаў: «Я пайду за Табою, Госпадзе! Але перш дазволь мне разьвітацца з хатнімі маімі».

62Але Ісус сказаў яму: «Той, хто ўзлажыў руку сваю на плуг і аглядаецца назад, не надаецца да Валадарства Божага».

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath