Хрысціянства
назад

ЛУКІ 6

1І сталася ў другую суботу пасьля Пасхі, што Ён праходзіў праз палеткі, і вучні Ягоныя зрывалі каласы і елі, расьціраючы [іх] рукамі.

2А некаторыя з фарысэяў сказалі ім: «Навошта вы робіце тое, чаго ня сьлед рабіць у суботу?»

3І, адказваючы ім, сказаў Ісус: «Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім былі?

4Як ён увайшоў у дом Божы, і ўзяў хлябы пакладныя, якіх ня можна было есьці нікому, апрача сьвятароў, і еў, і даў тым, што з ім былі».

5І сказаў ім: «Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы».

6І сталася, што ў іншую суботу ўвайшоў Ён у сынагогу і навучаў. І быў там чалавек, у якога правая рука была сухая.

7А кніжнікі і фарысэі сачылі за Ім, ці аздаровіць у суботу, каб знайсьці абвінавачваньне супраць Яго.

8Але Ён, ведаючы думкі іхнія, сказаў чалавеку, які меў сухую руку: «Устань і стань на сярэдзіну». І той, устаўшы, стаў.

9Тады сказаў ім Ісус: «Спытаюся Я ў вас: “Што трэба рабіць у суботу: дабро ці зло? Збавіць душу ці загубіць?”»

10І, паглядзеўшы на ўсіх іх, сказаў чалавеку: «Выцягні руку тваю». Ён так і зрабіў, і сталася рука ягоная здаровая, як другая.

11А яны напоўніліся шалам і гаварылі адзін да аднаго, што ім зрабіць з Ісусам.

12І сталася ў тыя дні, узыйшоў Ён на гару памаліцца, і быў усю ноч у малітве да Бога.

13І калі настаў дзень, Ён паклікаў вучняў Сваіх і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў апосталамі:

14Сымона, якога назваў Пятром, і Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яна, Філіпа і Барталамея,

15Мацьвея і Тамаша, Якуба Алфеявага і Сымона, называнага Зілотам,

16Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, які стаўся здраднікам.

17І, зыйшоўшы разам з імі, стаў на роўным месцы, і натоўп вучняў Ягоных, і вялікае мноства народу з усёй Юдэі, і Ерусаліму, і прыморскіх гарадоў Тыру і Сідону,

18якія прыйшлі паслухаць Яго і аздаравіцца ад хваробаў сваіх. І тыя, якіх мучылі духі нячыстыя, былі аздароўленыя.

19І ўвесь натоўп шукаў дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла моц і аздараўляла ўсіх.

20І Ён, падняўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, сказаў: «Шчасьлівыя ўбогія, бо вашае ёсьць Валадарства Божае.

21Шчасьлівыя вы, якія цяпер галодныя, бо вы насыціцеся. Шчасьлівыя вы, якія цяпер плачаце, бо будзеце сьмяяцца.

22Шчасьлівыя вы, калі зьненавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас, і будуць зьневажаць, і выкінуць імя вашае, як зло, за Сына Чалавечага.

23Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вось, вялікая нагарода вашая ў небе, бо гэтак рабілі з прарокамі бацькі іхнія.

24Больш таго, гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымліваеце пацяшэньне сваё.

25Гора вам, перасычаныя, бо будзеце галодныя. Гора вам, якія цяпер сьмеяцёся, бо будзеце плакаць і галасіць.

26Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добра, бо гэтак рабілі з фальшывымі прарокамі бацькі іхнія.

27Але вам, якія слухаеце, кажу: Любіце ворагаў вашых, рабіце дабро тым, якія ненавідзяць вас,

28дабраслаўляйце тых, якія праклінаюць вас, і маліцеся за тых, якія крыўдзяць вас.

29І таму, які ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто забірае ў цябе адзеньне, не перашкаджай узяць і кашулю.

30Усякаму, хто просіць у цябе, давай; і ад таго, хто ўзяў у цябе, не патрабуй назад.

31І як хочаце, каб рабілі вам людзі, гэтак і вы рабіце ім.

32І калі вы любіце тых, якія вас любяць, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі любяць тых, якія іх любяць.

33І калі робіце дабро тым, якія вам дабро робяць, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі тое робяць.

34І калі пазычаеце тым, ад якіх спадзеяцёся атрымаць назад, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць назад гэтулькі.

35Больш таго, любіце ворагаў вашых, і рабіце дабро, і пазычайце, не чакаючы нічога; і будзе нагарода вашая вялікая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён добры і да няўдзячных і злых.

36Дык будзьце ж міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны.

37І не судзіце, і ня будзеце суджаныя; не асуджайце, і ня будзеце асуджаныя; даруйце, і вам будзе даравана;

38давайце, і вам будзе дадзена: меру добрую, націсьненую, стрэсеную і з верхам дадуць вам на ўлоньне вашае; бо якою мераю мераеце, такою і вам будзе адмерана».

39Сказаў жа ім прыповесьць: «Ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? Ці не абодва ўваляцца ў яму?

40Вучань не вышэй за настаўніка свайго, але, удасканаліўшыся, кожны будзе як настаўнік ягоны.

41Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна ў воку тваім ня бачыш?

42Ці як можаш сказаць брату твайму: “Браце! Дазволь, выму сучок з вока твайго”, — калі сам ня бачыш бервяна ў воку сваім? Крывадушнік! Вымі спачатку бервяно з вока свайго, і тады ўбачыш, як выняць сучок, які ў воку брата твайго.

43Бо няма добрага дрэва, якое прыносіць благі плод; і няма благога дрэва, якое прыносіць плод добры.

44Бо ўсякае дрэва пазнаецца з уласнага плоду; бо не зьбіраюць фігаў з цярніны і ня здымаюць вінаграду з глогу.

45Добры чалавек з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а злы чалавек са злога скарбу сэрца свайго выносіць злое; бо з багацьця сэрца гавораць вусны ягоныя.

46Чаму называеце Мяне: “Госпадзе! Госпадзе!” — і ня робіце таго, што Я кажу?

47Усякі, хто прыходзіць да Мяне, і слухае словы Мае, і робіць паводле іх, пакажу вам, да каго падобны.

48Ён падобны да чалавека, што будуе дом, і ён капаў, і заглыбіўся, і заклаў падмурак на скале, і калі сталася паводка, і вада ўдарыла на дом гэты, то не змагла захістаць яго, бо ён быў пабудаваны на скале.

49А той, хто слухае і ня робіць, падобны да чалавека, што пабудаваў дом на зямлі без падмурку, які, калі ўдарыла на яго вада, адразу разваліўся; і разбурэньне яго было вялікае».

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath