Хрысціянства
назад

ЛУКІ 2

1І сталася, у тыя дні выйшла ад цэзара Аўгуста пастанова зрабіць перапіс па ўсім сусьвеце.

2Гэты перапіс быў першы за панаваньня Квірынія ў Сірыі.

3І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад.

4Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з гораду Назарэт, у Юдэю, у горад Давіда, называны Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда,

5запісацца з Марыяю, заручанай з ім жонкай, якая была цяжарная.

6І сталася, калі яны былі там, надыйшоў дзень нарадзіць ёй;

7і нарадзіла Сына свайго Першароднага, і спавіла Яго, і палажыла Яго ў ясьлі, бо не было ім месца ў сьвятліцы.

8І былі пастухі ў той ваколіцы, якія начавалі ў полі і вартавалі ўначы каля статку свайго.

9І вось, стаў перад імі анёл Госпада, і слава Госпада асьвяціла іх; і спалохаліся страхам вялікім.

10І сказаў ім анёл: «Ня бойцеся! Бо вось, я дабравешчу вам радасьць вялікую, якая будзе ўсяму народу,

11бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Госпад.

12І вось вам знак: вы знойдзеце Немаўлятка ў пялюшках, Якое ляжыць у ясьлях».

13І неспадзявана зьявілася з анёлам шматлікае войска нябеснае, якое хваліла Бога і казала:

14«Слава на вышынях Богу, а на зямлі супакой, у людзях упадабаньне».

15І сталася, калі адыйшлі ад іх анёлы ў неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Хадзем у Бэтлеем і ўбачым, ці сталася тое слова, якое абвясьціў нам Госпад».

16І пайшлі пасьпешна, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Немаўлятка, Якое ляжала ў ясьлях.

17І, убачыўшы, расказалі пра словы, якія былі сказаныя ім пра Дзіцятка Гэтае.

18І ўсе, якія чулі, зьдзіўляліся з таго, што расказвалі ім пастухі.

19А Марыя захавала ўсе словы гэтыя, складаючы [іх] у сэрцы сваім.

20І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана.

21І калі прайшло восем дзён, трэба было абрэзаць Хлопчыка, і далі Яму імя Ісус, названае анёлам перш, чым быў Ён зачаты ва ўлоньні.

22І калі скончыліся дні ачышчэньня іх паводле Закону Майсея, прынесьлі Яго ў Ерусалім, каб прадставіць перад Госпадам,

23як напісана ў Законе Госпада: «Усякі хлопчык, які адкрывае ўлоньне, будзе названы сьвятым Госпада»,

24і каб прынесьці ў ахвяру паводле таго, як сказана ў Законе Госпада, пару туркавак ці двух галубянятак.

25І вось, быў у Ерусаліме чалавек на імя Сымон. І быў ён чалавек праведны і пабожны, які чакаў пацяшэньня Ізраіля, і Дух Сьвяты быў на ім.

26І было яму сказана ад Духа Сьвятога, што ён ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Госпадавага.

27І прыйшоў ён у Духу ў сьвятыню. І калі бацькі прынесьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім абрад паводле Закону,

28ён узяў Яго на рукі свае, і дабраславіў Бога, і сказаў:

29«Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Уладару, паводле слова Твайго, у супакоі,

30бо бачылі вочы мае збаўленьне Тваё,

31якое прыгатаваў Ты перад абліччам усіх народаў,

32сьвятло для асьветы паганаў, і славу народу Твайго, Ізраіля».

33А Язэп і маці Ягоная зьдзіўляліся сказанаму пра Яго.

34І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, маці Ягонай: «Вось, ляжыць Гэты на падзеньне і паўстаньне многіх у Ізраілі, і на знак, якому працівіцца будуць.

35І табе самой меч пранікне ў душу, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў».

36І была Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з калена Асэра. Яна была ў вельмі старым веку, з мужам ад дзявоцтва свайго пражыла сем гадоў.

37І была яна ўдава гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад сьвятыні, постам і просьбаю служачы [Богу] дзень і ноч.

38І яна, у тую гадзіну прыйшоўшы, узносіла хвалу Госпаду і гаварыла пра Яго ўсім, якія чакалі выбаўленьня ў Ерусаліме.

39І калі яны выканалі ўсё паводле Закону Госпада, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.

40А Дзіцятка ўзрастала і ўмацоўвалася духам, напаўняючыся мудрасьцю; і ласка Божая была на Ім.

41І кожны год бацькі Ягоныя хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі.

42І калі Ён меў дванаццаць гадоў, прыйшлі яны, як звычайна, у Ерусалім на сьвята.

43І калі скончыліся тыя дні і яны варочаліся, застаўся Хлопец Ісус у Ерусаліме, і не заўважылі гэтага Язэп і маці Ягоная,

44але думалі, што Ён ідзе з іншымі падарожнікамі. Прайшоўшы дзённую дарогу, сталі шукаць Яго між сваякамі і знаёмымі.

45І, не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго.

46І сталася, праз тры дні знайшлі Яго ў сьвятыні, як сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх.

47І ўсе, што слухалі Яго, дзівіліся з розуму і адказаў Ягоных.

48І, убачыўшы Яго, зьдзівіліся, і маці Ягоная сказала Яму: «Дзіця! Што Ты зрабіў нам гэтак? Вось, бацька Твой і я з вялікай мукаю шукалі Цябе».

49А Ён сказаў ім: «Навошта вы шукалі Мяне? Ці ж вы ня ведаеце, што Я мушу быць у тым, што [належыць] Айцу Майму?»

50І яны не зразумелі слова, якое Ён сказаў ім.

51І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. І маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы сваім.

52І Ісус узрастаў у мудрасьці, і ва ўзросьце, і ў ласцы ў Бога і людзей.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath