Хрысціянства
назад

ЛУКІ 24

1А ў першы дзень пасьля суботы вельмі рана прыйшлі яны да магілы, несучы падрыхтаваныя духмянасьці, і разам з імі некаторыя другія.

2І знайшлі камень, адвалены ад магілы.

3І ўвайшоўшы, не знайшлі цела Госпада Ісуса.

4І сталіся яны зьбянтэжаныя ад гэтага, і вось, сталі перад імі два мужы ў бліскучым адзеньні.

5Калі ў страху схілілі яны абліччы да зямлі, тыя сказалі ім: «Што вы шукаеце жывога сярод мёртвых?

6Яго няма тут, але Ён уваскрос. Узгадайце, што Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі,

7кажучы, што Сын Чалавечы мусіць быць выдадзены ў рукі людзей грэшных, і быць укрыжаваным, і на трэці дзень уваскрэснуць».

8І ўзгадалі яны словы Ягоныя.

9І, вярнуўшыся ад магілы, паведамілі пра гэта ўсім Адзінаццаці і ўсім іншым.

10А былі гэта Марыя Магдалена, і Яанна, і Марыя Якубава, і іншыя з імі, што сказалі пра гэта апосталам.

11І падаліся ім словы іхнія пустымі, і не паверылі ім.

12А Пётар, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, бачыць прасьціну, што ляжала асобна, і адыйшоў, зьдзіўляючыся ў сабе з таго, што сталася.

13І вось, у той жа дзень двое з іх ішлі ў мястэчка, што на адлегласьці ў шэсьцьдзясят стадыяў ад Ерусаліму, называнае Эмаус.

14І яны гутарылі між сабою пра ўсе гэтыя здарэньні.

15І сталася, калі яны гутарылі і разважалі між сабою, вось, Сам Ісус, падыйшоўшы, пайшоў з імі.

16Вочы ж іхнія былі стрыманыя, дык не пазналі Яго.

17Ён жа сказаў ім: «Што гэта за словы вы гаворыце між сабою, ідучы, і чаму вы панурыя?»

18Адказваючы, адзін з іх, на імя Кляопа, сказаў Яму: «Ці ты адзін з вандроўнікаў у Ерусаліме і ня ведаеш, што сталася ў ім у гэтыя дні?»

19І Ён сказаў ім: «Што?» Яны ж сказалі Яму: «Пра Ісуса з Назарэту, Які быў прарок, магутны ў справе і слове перад Богам і ўсім народам;

20як выдалі Яго першасьвятары і начальнікі нашыя на прысуд сьмяротны і ўкрыжавалі Яго?

21А мы спадзяваліся, што Ён ёсьць Той, Які мае адкупіць Ізраіль. Але да ўсяго гэтага вось ужо трэці дзень сёньня, як тое сталася.

22Але некаторыя жанчыны з нашых зьдзівілі нас: быўшы раніцай ля магілы

23і не знайшоўшы цела Ягонага, яны прыйшлі, кажучы, што ўгледзелі відзеж анёлаў, якія кажуць, што Ён жывы.

24І пайшлі некаторыя з нашых да магілы, і знайшлі так, як і казалі жанчыны, а Яго ня бачылі».

25І Ён сказаў ім: «О, бяздумныя і павольныя сэрцам, каб верыць усяму, што гаварылі прарокі!

26Ці ж ня гэтак трэба было цярпець Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю?»

27І, пачаўшы ад Майсея і ўсіх прарокаў, тлумачыў ім усё, што напісана пра Яго.

28І наблізіліся яны да таго мястэчка, куды ішлі; і Ён паказаў, што ідзе далей.

29І яны затрымлівалі Яго, кажучы: «Застанься з намі, бо дзень ужо схіліўся да вечара». І Ён увайшоў, каб застацца з імі.

30І сталася, калі Ён узьлягаў разам з імі, Ён, узяўшы хлеб, дабраславіў, паламаў і даў ім.

31І адчыніліся вочы іхнія, і яны пазналі Яго, а Ён стаўся нябачным для іх.

32І казалі яны адзін аднаму: «Ці ж не гарэла ў нас сэрца нашае, калі Ён гаварыў да нас у дарозе і калі адчыняў нам Пісаньне?»

33І, устаўшы ў тую ж гадзіну, вярнуліся ў Ерусалім, і знайшлі разам Адзінаццаць і тых, што з імі,

34якія гаварылі, што Госпад сапраўды ўваскрос і зьявіўся Сымону.

35І яны распавялі, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламаньні хлеба.

36Калі ж яны гэтак гаварылі, Сам Ісус стаў сярод іх і кажа ім: «Супакой вам!»

37Яны, жахнуўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што бачаць духа.

38І Ён сказаў ім: «Што вы стрывожыліся? І чаму такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя?

39Паглядзіце на рукі Мае і на ногі Мае, бо гэта Я Сам. Дакраніцеся да Мяне і пабачце, бо дух цела і костак ня мае, што, як бачыце, Я маю».

40І, сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі і ногі.

41Калі ж яны ад радасьці яшчэ ня верылі і зьдзіўляліся, Ён сказаў ім: «Ці маеце тут якую ежу?»

42Яны ж далі Яму частку печанай рыбы і сотавага мёду.

43І, узяўшы, Ён еў перад імі.

44І сказаў ім: «Вось тыя словы, якія Я гаварыў вам, калі яшчэ быў з вамі, што мусіць споўніцца ўсё, што напісана пра Мяне ў Законе Майсея, і ў Прарокаў, і ў Псальмах».

45Тады адчыніў ім розум дзеля разуменьня Пісаньня.

46І сказаў ім: «Так напісана і так належала цярпець Хрысту, і ўваскрэснуць з мёртвых на трэці дзень.

47І будзе абвешчана ў імя Ягонае навяртаньне і адпушчэньне грахоў у-ва ўсіх народах, пачынаючы ад Ерусаліму.

48А вы — сьведкі гэтага.

49І вось, Я пасылаю абяцаньне Айца Майго на вас. Вы ж заставайцеся ў горадзе Ерусаліме, пакуль не апранецеся моцаю звыш».

50І вывеў іх вонкі да Бэтаніі, і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх.

51І сталася, калі дабраслаўляў іх, стаў аддаляцца ад іх і быў узьнесены ў неба.

52І яны, пакланіўшыся Яму, вярнуліся ў Ерусалім з вялікай радасьцю,

53і былі ўсьцяж у сьвятыні, хвалячы і дабраслаўляючы Бога. Амэн.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath