ЛУКІ 17
1І сказаў вучням Сваім: «Згаршэньні ня могуць не прыйсьці, але гора таму, праз каго яны прыходзяць.
2Лепей яму, калі камень ад жорнаў вісіць у яго на шыі і ён кінуты ў мора, чым каб ён згоршыў аднаго з малых гэтых.
3Сьцеражыцеся. Калі ж саграшыць супраць цябе брат твой, дакарай яго і, калі навернецца, даруй яму.
4І калі сем разоў у дзень саграшыць супраць цябе, і сем разоў у дзень зьвернецца да цябе, кажучы: “Каюся”, даруй яму».
5І сказалі апосталы Госпаду: «Дадай нам веры».
6А Госпад сказаў: «Калі б вы мелі веру як зерне гарчычнае і сказалі гэтаму фігаваму дрэву: “Будзь вырванае з коранем і перасаджанае ў мора”, яно паслухала б вас.
7А хто з вас, маючы слугу, які арэ ці пасьвіць, калі ён прыйдзе з поля, скажа: “Ідзі хутчэй, узьляж [за сталом]”?
8Але ж ці ня скажа яму: “Падрыхтуй мне вячэру і, падперазаўшыся, паслугуй мне, пакуль буду есьці ды піць, і пасьля гэтага еш і пі сам”?
9Ці дзякуе ён слузе гэтаму за тое, што зрабіў загаданае яму? Ня думаю.
10Так і вы, калі зробіце ўсё, што загадана вам, кажыце: “Мы — слугі нягодныя, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць”».
11І сталася, як ішоў у Ерусалім, праходзіў між Самарыяй і Галілеяй.
12І, калі ўваходзіў Ён у адно мястэчка, сустрэлі яго дзесяць пракажоных, якія сталі здалёк.
13І ўзвысілі яны голас, кажучы: «Ісусе, Настаўнік! Зьлітуйся над намі».
14І, убачыўшы, Ён сказаў ім: «Ідзіце, пакажыцеся сьвятарам». І сталася, калі яны ішлі, былі ачышчаныя.
15Адзін жа з іх, бачачы, што аздароўлены, вярнуўся, моцным голасам славячы Бога,
16і ўпаў на твар ля ног Яго, дзякуючы Яму, і гэта быў Самаранін.
17Адказваючы, Ісус сказаў: «Ці ня дзесяць былі ачышчаныя? Дзе ж дзевяць?
18Яны не вярнуліся аддаць славу Богу, апрача гэтага чужынца».
19І сказаў яму: «Устань, ідзі. Вера твая збавіла цябе».
20Запытаны ж фарысэямі, калі прыйдзе Валадарства Божае, адказаў ім і сказаў: «Не прыходзіць Валадарства Божае відавочна.
21І ня скажуць: “Вось, яно тут”, ці: “Вось, там”. Бо вось, Валадарства Божае ўнутры вас ёсьць».
22Вучням жа сказаў: «Прыйдуць дні, калі зажадаеце бачыць хоць адзін дзень Сына Чалавечага, і ня ўбачыце.
23І скажуць вам: “Вось, тут”, ці: “Вось, там”, — не хадзіце і не ганяйцеся,
24бо як бліскавіца, мільгануўшы, з аднаго краю неба да другога краю неба сьвеціць, так будзе і Сын Чалавечы ў дзень Свой.
25Спачатку ж Ён мусіць шмат перацярпець і быць адкінутым пакаленьнем гэтым.
26І як было ў дні Ноя, так будзе ў дні Сына Чалавечага:
27елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж да таго дня, як Ной увайшоў у каўчэг, і прыйшоў патоп, і загубіў усіх.
28Падобна як было ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, продалі, садзілі, будавалі,
29а ў дзень, калі Лот выйшаў з Садому, лінуў з неба агонь з серкаю і загубіў усіх.
30Такім будзе той дзень, калі зьявіцца Сын Чалавечы.
31У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы яго ў доме, няхай не зыходзіць узяць іх; і хто будзе ў полі, няхай не варочаецца.
32Памятайце жонку Лота.
33Бо хто шукае, каб здабыць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць яе, той ажывіць яе.
34Кажу вам, у тую ноч будуць двое на адным ложку, адзін будзе ўзяты, а другі — пакінуты;
35дзьве будуць малоць разам, адна будзе ўзятая, а другая — пакінутая;
36двое будуць у полі, адзін будзе ўзяты, а другі — пакінуты».
37І, адказваючы, кажуць Яму: «Дзе, Госпадзе?» Ён жа сказаў ім: «Дзе цела, там зьбяруцца і арлы».
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath