Хрысціянства
назад

ЛУКІ 15

1Падыходзілі ж да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі слухаць Яго.

2І наракалі фарысэі і кніжнікі, кажучы: «Ён прыймае грэшнікаў і есьць разам з імі».

3Ён жа сказаў ім гэткую прыповесьць, кажучы:

4«Які чалавек з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакідае дзевяноста дзевяць у пустыні і не ідзе па згубленую, пакуль ня знойдзе яе?

5І, знайшоўшы, бярэ яе на плечы свае з радасьцю.

6І, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: “Цешцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку”.

7Кажу вам, што большая радасьць будзе ў небе з аднаго грэшніка, які навяртаецца, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія ня маюць патрэбы ў навяртаньні.

8Або якая жанчына, што мае дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не запальвае сьвечкі і не пачынае месьці дом, і не шукае пільна, пакуль ня знойдзе?

9А, знайшоўшы, склікае сябровак і суседак, кажучы: “Цешцеся са мною, бо я знайшла драхму, якую была згубіла”.

10Такая, кажу вам, стаецца радасьць у анёлаў Божых з аднаго грэшніка, які навяртаецца».

11Яшчэ сказаў: «У аднаго чалавека былі два сыны.

12І сказаў малодшы з іх бацьку: “Бацька, дай мне належную частку маёмасьці”. І падзяліў ім маёмасьць.

13І праз некалькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, выправіўся ў далёкі край, і там змарнаваў маёмасьць сваю, жывучы распусна.

14Калі ж выдаткаваў усё, стаўся вялікі голад у тым краі, і ён пачаў мець нястачу.

15І, пайшоўшы, прыстаў да аднаго з грамадзянаў таго краю, і той паслаў яго на поле сваё даглядаць сьвіньняў.

16І ён жадаў напоўніць жывот свой шалупіньнем, якое елі сьвіньні, і ніхто не даваў яму.

17Апамятаўшыся, ён сказаў: “Колькі парабкаў у бацькі майго маюць лішак хлеба, а я паміраю з голаду!

18Устаўшы, пайду да бацькі майго і скажу яму: ‘Ойча! Я саграшыў супраць неба і перад табою,

19і ўжо ня варты называцца сынам тваім; зрабі мяне адным з парабкаў тваіх’.”

20І, устаўшы, прыйшоў да бацькі свайго. Калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зьлітаваўся, і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і цалаваў яго.

21Сын жа сказаў яму: “Ойча! Я саграшыў супраць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім”.

22А бацька сказаў слугам сваім: “Прынясіце найлепшыя шаты, і апраніце яго, і дайце пярсьцёнак на руку ягоную і сандалы на ногі.

23І прывядзіце кормнае цяля, і закалеце, і, паеўшы, будзем весяліцца.

24Бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца

25А старэйшы сын ягоны быў у полі. І калі, варочаючыся, падыйшоў да дому, пачуў сьпевы і скокі.

26І, паклікаўшы аднаго са слугаў сваіх, спытаўся: “Што гэта адбываецца?”

27Той жа сказаў яму: “Брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў кормнае цяля, бо атрымаў яго здаровым”.

28Загневаўся ён і не хацеў увайсьці. Тады бацька ягоны, выйшаўшы, клікаў яго.

29А ён, адказваючы, сказаў бацьку: “Вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі не адступіў ад прыказаньня твайго, і ты ніколі ня даў мне і казьляняці, каб мне павесяліцца з сябрамі маімі.

30А калі гэты сын твой, пажоршы маёмасьць тваю з распусьніцамі, прыйшоў, ты закалоў для яго кормнае цяля”.

31Ён жа сказаў яму: “Дзіця! Ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё.

32А з таго трэба цешыцца і радавацца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”».

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath