ЛУКІ 14
1І сталася прыйсьці Яму ў суботу ў дом аднаго з начальнікаў фарысэйскіх зьесьці хлеба, і яны сачылі за Ім.
2І вось, быў перад Ім нейкі апухлы чалавек.
3І, адказваючы, сказаў Ісус законьнікам і фарысэям, кажучы: «Ці належыцца аздараўляць у суботу?»
4Яны ж маўчалі. І, дакрануўшыся, Ён аздаравіў яго і адпусьціў.
5І, адказваючы ім, сказаў: «Калі ў каго з вас асёл ці вол упадзе ў калодзеж, ці не адразу выцягне яго ў дзень суботні?»
6І не маглі яны з Ім пра гэта спрачацца.
7І ўгледзеўшы, як тыя, што былі запрошаныя, выбіралі першыя месцы, сказаў ім прыповесьць, кажучы ім:
8«Калі запросіць цябе нехта на вясельле, не ўзьлягай на першае месца, каб не было каго паважнейшага за цябе паміж запрошаных ім.
9І той, які запрасіў цябе і яго, падыйшоўшы, скажа табе: “Дай яму месца”, і тады ты з сорамам павінен будзеш сесьці на апошняе месца.
10Але, калі будзеш запрошаны, прыйшоўшы, узьлягай на апошняе месца, каб той, які запрасіў цябе, калі падыйдзе, сказаў табе: “Сябра, перасядзь вышэй”. Тады будзе табе слава перад тымі, што ўзьлягаюць разам з табою.
11Бо ўсякі, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны».
12Сказаў жа і таму, які запрасіў Яго: «Калі ладзіш бяседу ці вячэру, ня кліч сяброў тваіх, ані братоў тваіх, ані сваякоў тваіх, ані суседзяў багатых, каб і яны цябе не запрасілі, і ты атрымаў бы нагароду.
13Але калі ты ладзіш пачастунак, запрашай убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых.
14І шчасьлівы ты будзеш, што яны ня змогуць аднагародзіць табе, бо будзе аднагароджана табе ва ўваскрасеньне праведных».
15Пачуўшы гэта, нехта з тых, якія ўзьлягалі, сказаў Яму: «Шчасьлівы, хто будзе есьці хлеб у Валадарстве Божым».
16Ён жа сказаў яму: «Нейкі чалавек справіў вялікую вячэру, і паклікаў многіх,
17і ў гадзіну вячэры паслаў слугу свайго сказаць запрошаным: “Прыходзьце, бо ўжо ўсё падрыхтавана”.
18І пачалі ўсе па чарзе выбачацца. Першы сказаў яму: “Я купіў зямлю, і мне трэба пайсьці і паглядзець яе; прашу цябе, выбач мне”.
19І другі сказаў: “Я купіў пяць параў валоў і іду выспрабаваць іх; прашу цябе, выбач мне”.
20І другі сказаў: “Я ажаніўся і дзеля гэтага не магу прыйсьці”.
21І, вярнуўшыся, слуга той паведаміў гэтае пану свайму. Тады, загневаўшыся, гаспадар дому сказаў слузе свайму: “Ідзі хутчэй па вуліцах і завулках гораду і прывядзі сюды і ўбогіх, і калекаў, і кульгавых, і сьляпых”.
22І сказаў слуга: “Пане! Сталася, як ты сказаў, і яшчэ ёсьць месцы”.
23І сказаў пан слузе: “Ідзі на дарогі і да платоў і змушай прыйсьці, каб напоўніўся дом мой,
24бо кажу вам, што ніхто з тых мужоў, што былі запрошаныя, не пакаштуе маёй вячэры”».
25І сабраліся шматлікія натоўпы да Яго, і, павярнуўшыся, Ён сказаў ім:
26«Калі хто прыходзіць да Мяне і не зьненавідзіць бацьку свайго і маці, і жонку, і дзяцей, і братоў, і сёстраў, а пры тым і саму душу сваю, той ня можа быць вучнем Маім.
27І хто не нясе крыжа свайго і ідзе за Мною, ня можа быць вучнем Маім.
28Бо хто з вас, хочучы пабудаваць вежу, сеўшы спачатку, не аблічыць выдаткаў, ці мае, каб дакончыць яе,
29каб, калі закладзе падмурак і ня здолее дакончыць, усе, якія гэта бачылі, ня сталі сьмяяцца з яго,
30кажучы: “Гэты чалавек пачаў будаваць і ня здолеў дакончыць!”
31Або які валадар, ідучы на вайну супраць другога валадара, сеўшы спачатку, не парадзіцца, ці магчыма з дзесяцьцю тысячамі супрацьстаць таму, хто ідзе на яго з дваццацьцю тысячамі.
32Калі ж не, дык пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасольства прасіць міру.
33Гэтак усякі з вас, хто не адрачэцца ад усяго, што мае, ня можа быць вучнем Маім.
34Соль добрая; калі ж соль згубіць сілу, чым прыправіць яе?
35Ані ў зямлю, ані ў гной яна не надаецца, вон выкідаюць яе. Хто мае вушы каб слухаць, няхай слухае».
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath