Хрысціянства
назад

ЛЯВІТ 7

1Вось закон адносна ахвяры аднагараджэньня. Гэта сьвятая рэч.

2На тым самым месцы, дзе забіваецца ахвяра цэласпаленьня, будуць забіваць ахвяру аднагараджэньня, і кроў яе выльюць вакол ахвярніка,

3але ўвесь тлушч з яе будзе складзены ў ахвяру: курдзюк, тлушч, які пакрывае нутро,

4абедзьве ныркі, а тлушч на вантробе разам з ныркамі няхай будзе аддзелены.

5Спаліць гэта ўсё сьвятар на ахвярніку на мілы пах ГОСПАДУ. Гэта ахвяра аднагараджэньня.

6Кожны мужчына з роду сьвятарскага будзе спажываць мяса гэтае на месцы сьвятым. Бо гэта сьвятое сьвятых.

7Для ахвяры за грэх і для ахвяры аднагараджэньня закон адзін. Яна належыць сьвятару, які складаў гэтую ахвяру.

8Сьвятар, які складае ахвяру цэласпаленьня, атрымоўвае скуру жывёлы, якую склаў у ахвяру.

9Таксама кожная ахвяра хлебная, смажаная ў печы, у гаршчку або на патэльні, належыць сьвятару, якім гэтая ахвяра складзена.

10Але кожная ахвяра хлебная з алеем або сухая нале­жыць усім сынам Аарона, як аднаму, так і другому.

11Вось закон адносна ахвяры мірнай, якую складаюць ГОСПАДУ.

12Калі хто складае ахвяру гэтую як падзяку, няхай далу­чыць да гэтай ахвяры падзякі таксама прэсныя аладкі з алеем, і прэсныя сухарыкі, запраўленыя алеем, і пшанічную муку з алеем.

13Таксама няхай прыносіць аладкі з цеста квашанага пры ахвяры мірнай ў падзяку.

14З усіх ахвяраў няхай адна будзе ахвяраваная як асаблівы дар ГОСПАДУ. Яна будзе належаць сьвятару, які вылье кроў ахвяры мірнай.

15Мяса ахвяраў мірных у падзяку мусіць быць зьедзена ў той самы дзень, нельга нічога з іх пакідаць да раніцы.

16Калі хто складае ахвяру як шлюбаваньне або з добрай волі, ахвяру ягоную трэба есьці ў дзень ахвяраваньня, але і на другі дзень можна есьці рэшту яе.

17Калі што застанецца на трэці дзень, тое трэба спаліць.

18Калі хто зьесьць штосьці з ахвяры мірнай на трэці дзень, такая ахвяра ня будзе прынятая; ня будзе яна залічана таму, хто яе склаў, бо гэта зьнявага; а той, хто будзе есьці яе, дапусьціцца грэху.

19Мяса, якое дакраналася чагосьці нячыстага, нельга есьці, але спальваецца яно ў агні; а мяса чыстае можа есьці кожны чысты.

20Калі нейкая душа, будучы ў нячыстасьці, будзе есьці мяса ахвяры мірнай, якая для ГОСПАДА, будзе выключана душа гэтая з народу свайго.

21Калі хто дакранецца нейкай нячыстасьці, нячыстасьці чалавечай, або нячыстасьці жывёлы, або нячыстага паўзуна, і будзе есьці мяса ахвяры мірнай, якая для ГОСПАДА, той будзе выключаны з народу свайго».

22І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

23«Скажы сынам Ізраіля: “Нельга вам есьці тлушч цялят, авечак і казлоў.

24Тлушчам зьвяроў мёртвых або разьдзёртых можна карыстацца ў кожнай патрэбе, але ня ешце яго.

25Калі хто будзе есьці тлушч жывёлаў, якіх прынесьлі на ахвяру агнявую для ГОСПАДА, той будзе выключаны з народу свайго.

26Дзе толькі будзеце жыць, нельга вам есьці ніякай крыві, ані крыві птушак, ані крыві быдла.

27Кожная душа, якая будзе есьці кроў, будзе выключана душа гэтая з народу свайго”».

28І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

29«Скажы сынам Ізраіля: “Хто складае ахвяру мірную для ГОСПАДА, няхай прынясе свой дар ГОСПАДУ з ахвяры мірнай.

30Сваімі рукамі няхай прынясе ён ахвяру агнявую для ГОСПАДА: тлушч з грудзіны і грудзіну, каб трэсьці імі перад ГОСПАДАМ.

31Тлушч спаліць сьвятар на ахвярніку, а грудзіна належыць Аарону і сынам ягоным.

32Таксама правую лапатку аддасьцё сьвятару як частку сьвятарскую з ахвяраў мірных.

33Які з сыноў Аарона складае ў ахвяру кроў і тлушч ахвяры мірнай, той як частку сваю атрымае правую лапатку,

34бо грудзіну патрасаную і лапатку ўздыманую Я бяру ад сыноў Ізраіля з іхніх ахвяраў мірных і даю іх Аарону сьвятару і сынам ягоным як вечны закон ад усяго народу Ізраіля”».

35Гэта ёсьць частка з ахвяраў, паленых для ГОСПАДА, якая належыць Аарону і сынам ягоным ад дня пасьвячэньня іх на сьвятароў ГОСПАДА.

36У дзень, калі іх ГОСПАД памазаў, загадаў Ізраілю даваць ім гэта. Гэта пастанова вечная ў пакаленьні іхнія.

37Гэта вось закон адносна ахвяры цэласпаленьня, ахвяры хлебнай, ахвяры за грэх, ахвяры аднагараджэньня, ахвяры пасьвячэньня і ахвяры мірнай.

38Гэта загадаў ГОСПАД Майсею на гары Сынай у дзень, калі загадаў сынам Ізраіля складаць ахвяры ГОСПАДУ ў пустыні Сынай.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath