ЕГОШУА 11
1І сталася, што Явін, валадар Хацору, пачуў пра гэта, і змовіўся з Ёвавам, валадаром Мадону, і з валадаром Шымрону, і з валадаром Ахшафу,
2і з валадарамі поўначы, якія жылі ў гарах і ў Арабе з паўднёвага боку Кінэрэту, і ў Шэфэлі, і на ўзвышшах Дору каля мора,
3з Хананейцамі на ўсходзе і на захадзе, з Амарэйцамі, Хетамі, Пэрэзэямі, Евусэямі, з Хівеямі, якія [жывуць] каля падножжа Гермону ў зямлі Міцпа.
4Выйшлі яны ўсе з дружынамі сваімі, народ шматлікі, быццам пясок на беразе мора, і коньнікі, і калясьніцы ў вялікай лічбе.
5І сабраліся ўсе гэтыя валадары, і разлажыліся табарам у адным месцы каля водаў Мэрому, каб ваяваць супраць Ізраіля.
6І сказаў да Егошуа ГОСПАД: «Ня бойся іх, бо заўтра ў гэты самы час Я пакладу іх забітымі перад абліччам Ізраіля. Коні іхнія ты акульгавіш, а калясьніцы іхнія спаліш агнём».
7І Егошуа і ўсё войска ягонае з ім прыйшлі раптоўна да водаў Мэрому, і напалі на іх.
8І аддаў іх ГОСПАД у рукі Ізраіля, і ён разьбіў іх, і гнаўся за імі аж да Вялікага Сідону і Місрэфот-Маіму і аж да даліны Міцпа на ўсходзе, і забівалі іх, і не пакінулі ў іх рэшткаў.
9І зрабіў Егошуа так, як яму сказаў ГОСПАД: коні іхнія акульгавіў, а калясьніцы іхнія спаліў агнём.
10У той час Егошуа вярнуўся і здабыў Хацор, і валадара ягонага забіў мячом, а Хацор перад гэтым быў сталіцай усіх валадарстваў гэтых.
11І выбіў ён усякую душу, што там была, вострывам мяча, і аддаў закляцьцю, і не пакінуў анікога, а Хацор спаліў анём.
12І ўсе гарады, і валадароў іхніх Егошуа забіў вострывам мяча, і аддаў закляцьцю, як загадаў Майсей, слуга ГОСПАДА.
13Толькі ўсе гарады, што стаяць на ўзгорышчы, не паліў Ізраіль, акрамя Хацору, які спаліў Егошуа.
14І ўсю здабычу з гэтых гарадоў і жывёлу падзялілі сыны Ізраіля паміж сабою. Толькі людзей усіх выбілі вострывам мяча аж да вынішчэньня іх, не пакідаючы нікога, хто дыхае.
15Як загадаў ГОСПАД Майсею, слузе Свайму, так загадаў Майсей Егошуа, і Егошуа ўсё выканаў; не прапусьціў аніводнага слова з таго, што загадаў ГОСПАД Майсею.
16І Егошуа завалодаў усёю зямлёю гэтаю: гарамі, і ўсім Нэгевам, і ўсёю зямлёю Гашэн, і Шэфэлёй, і Арабай, і гарамі Ізраіля, і раўнінамі іхнімі,
17ад гары Халак, якая падымаецца да Сэіру, аж да Баал-Гаду ў даліне Лібану, каля падножжа гары Гермон. А ўсіх валадароў іхніх перамог і забіў іх.
18Шмат дзён Егошуа ваяваў супраць валадароў гэтых.
19Ніводзін горад не заключыў міру з сынамі Ізраіля, апрача Хівеяў, жыхароў Гібэону. Усе [гарады] былі ваяваньнем здабытыя.
20Бо ад ГОСПАДА было, каб зрабіць цьвёрдымі сэрцы іхнія, каб яны ваявалі супраць Ізраіля і каб аддаць іх закляцьцю, і не было для іх міласэрнасьці, але каб вынішчыць іх, як загадаў ГОСПАД Майсею.
21У той час Егошуа прыйшоў і выбіў сыноў Анака ў гарах, у Хеўроне, і ў Дэбіры, і ў Анаве, і ў-ва ўсіх гарах Юды, і ў-ва ўсіх гарах Ізраілю, і Егошуа аддаў закляцьцю іх і ўсе гарады іхнія.
22Не засталося [сыноў] Анака ў зямлі сыноў Ізраіля, толькі ў гарадах Газа, Гат і Ашдод яны засталіся.
23І захапіў Егошуа ўсю зямлю, як прамовіў ГОСПАД да Майсея, і аддаў яе ў спадчыну сынам Ізраіля, падзяліўшы для каленаў іхніх. І зямля супакоілася ад войнаў.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath