Хрысціянства
назад

ЁНА 3

1І было слова ГОСПАДА да Ёны другі раз, кажучы:

2«Устань, ідзі ў Нініву, горад вялікі, і абвяшчай супраць яго тое, што Я сказаў табе».

3І ўстаў Ёна, і пайшоў у Нініву паводле слова ГОСПАДА; а Нініва была вялікім горадам у Бога, на тры дні дарогі ў абход.

4І пачаў ён хадзіць па горадзе, колькі можна прайсьці за адзін дзень, і клікаў, і казаў: «Яшчэ сорак дзён, і Нініва будзе зруйнаваная».

5І паверылі Нініўцы Богу, і абвясьцілі пост, і апрануліся ў зрэбніцу ад найбольшага з іх аж да найменшага з іх.

6Бо калі слова дайшло да валадара Нінівы, ён устаў з пасаду свайго, і скінуў з сябе адзеньне сваё, і апрануўся ў зрэбніцу, і сядзеў у попеле.

7І было абвешчана, і сказана ў Нініве паводле загаду валадара і магнатаў ягоных, кажучы: «Няхай ані чалавек, ані быдла, ані валы, ані авечкі нічога не паспытаюць, няхай ані пасьвяцца, ані п’юць вады,

8але няхай апрануцца ў зрэбніцу чалавек і быдла, і няхай клічуць голасна да Бога, і няхай кожны чалавек адвернецца ад злога шляху свайго і ад ліха­дзейства, якое ў руках ягоных.

9Хто ведае, ці ня зьвернецца Бог [да нас], і ці не пашкадуе, і ці не адверне гнеў палючы Свой, каб мы не загінулі?»

10І ўбачыў Бог учынкі іхнія, што яны адвярнуліся ад злога шляху свайго, і пашкадаваў Бог пра ліха, пра якое сказаў, што ўчыніць ім, і не ўчыніў.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath