Хрысціянства
назад

ЁНА 2

1І вызначыў ГОСПАД вялікую рыбу, каб праглынула Ёну, і быў Ёна ў нутры рыбы тры дні і тры ночы.

2І маліўся Ёна да ГОСПАДА, Бога свайго, з нутра рыбы,

3і сказаў: «Я клікаў да ГОСПАДА з нядолі маёй, і Ён адказаў мне; з нутра адхлані я загаласіў, і Ты пачуў голас мой.

4Ты кінуў мяне глыбока ў сэрца мораў, і вір акружыў мяне, усе плыні Твае і хвалі Твае прайшлі праз мяне.

5І я сказаў: “Я прагнаны ад вачэй Тваіх. Як я пагляджу яшчэ на сьвятую сьвятыню Тваю?”

6Нахлынулі воды на мяне аж да душы, глыбіня агарнула мяне навокал, травы марскія абвілі галаву маю.

7Да падвалінаў гор я зыйшоў, зямля заваламі сваімі замкнула мяне на вякі. Але Ты вывеў са зьнішчэньня жыцьцё маё, ГОСПАДЗЕ, Божа мой.

8Калі млела душа мая ў-ва мне, я ўзгадаў ГОСПАДА, і малітва мая прыйшла да Цябе, да сьвятой сьвятыні Тваёй.

9Тыя, што захоўваюць марнасьці манлівыя, адкідаюць міласэрнасьць ад сябе.

10Але я з голасам падзякі прынясу ахвяру Табе, споўню, што абяцаў. Збаўленьне ў ГОСПАДА».

11І сказаў ГОСПАД рыбе, і яна выкінула Ёну на сухазем’е.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath