Хрысціянства
назад

ЁЭЛЬ 1

1Слова ГОСПАДА, якое было да Ёэля, сына Пэтуэля.

2Слухайце гэта, старыя, і прыхіліце вуха, усе жыхары зямлі. Ці было такое ў дні вашыя або ў дні бацькоў вашых?

3Распавядзіце пра гэта сынам вашым, а сыны вашыя — сынам сваім, а сыны іхнія — пакаленьню наступнаму.

4Тое, што засталося ад вусеняў, зьела саранча, што засталося ад саранчы, зьелі хрушчы, што засталося ад хрушчоў, паелі чэрві.

5Прачніцеся, п’яніцы, і плачце, і бядуйце ўсе тыя, што п’юць віно, па маладым віне, бо яно забранае ад вуснаў вашых.

6Бо прыйшоў на зямлю Маю народ дужы, якога безьліч. Зубы ягоныя — зубы ільвіныя, а сківіцы — як у ільвіцы.

7Ён зрабіў пустэчаю вінаграднік Мой, дрэва фігавае Маё паламаў, дашчэнту агаліў яго і адкінуў; зьбялелі галіны ягоныя.

8Галасі як маладзіца, падперазаная зрэбніцаю, над мужам маладосьці сваёй.

9Забраныя ахвяры хлебныя і ахвяры вадкія ад Дому ГОСПАДА; у жалобе сьвятары, служыцелі ГОСПАДА.

10Поле спустошана, у жалобе зямля, бо стаптанае збожжа, высахла маладое віно, зьвяла аліўка.

11Смуткуйце, земляробы, галасіце, вінаградары, дзеля пшаніцы і дзеля ячменю, бо загінула жніво ў полі.

12Вінаградная лаза засохла, і дрэва фігавае зьвяла, дрэва гранатовае і пальма, і яблына, і ўсе дрэвы палявыя пасохлі; бо высахла вясёласьць паміж сыноў чалавечых.

13Падперажыцеся [зрэбніцай] і лямантуйце, сьвятары, галасіце, служыцелі ахвярніка, хадзіце, начуйце ў зрэбніцы, служыцелі Бога майго, бо затрыманыя ахвяры хлебныя і ахвяры вадкія ў Доме Бога вашага.

14Прызначце сьвяты пост, склічце ўрачысты сход, зьбярыце старых і ўсіх жыхароў зямлі гэтай у Дом ГОСПАДА, Бога вашага, і клічце да ГОСПАДА.

15Гора дню гэтаму, бо блізка дзень ГОСПАДА, ён прыйдзе як спусташэньне ад Усемагутнага.

16Хіба не перад вачыма нашымі забіраецца ежа, з Дому Бога нашага [забіраецца] радасьць і пацяшэньне?

17Згніла зерне пад скібамі сваімі, спусьцелі каморы, разбураныя пуні, бо высахла збожжа.

18Як стогне скаціна, блукаюць чароды кароваў, бо няма для іх пашы, і чароды авечак спустошаны.

19Да Цябе, ГОСПАДЗЕ, гукаю, бо агонь зжэр пашы пустыні, і полымя спаліла ўсе дрэвы палявыя.

20Таксама жывёла палявая прагне да Цябе, бо ручаі водаў высахлі, і агонь зжэр пашы пустыні.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath