Хрысціянства
назад

ЁЎ 42

1І адказаў Ёў ГОСПАДУ, і сказаў:

2«Ведаючы, ведаю, што Ты ўсё можаш, і што намер Твой ня можа быць спынены.

3Хто той, які хавае параду бяз веданьня? Сапраўды, я гаварыў, і не разумеў. Гэта рэчы, цудоўнейшыя за мяне, і я ня ведаю іх.

4Паслухай, і я буду гаварыць. Запытаюся ў цябе, а Ты адкажы мне.

5Раней я чуў пра Цябе толькі вухам, а цяпер вока маё ўбачыла Цябе.

6Дзеля таго я выракаюся [словаў] маіх, і каюся ў пыле і попеле».

7І сталася пасьля таго, як сказаў ГОСПАД гэтыя словы Ёву, сказаў ГОСПАД Эліфазу з Тэману: «Узгарэўся гнеў Мой на цябе і на двух сяброў тваіх, бо не гаварылі вы пра Мяне слушна, як слуга Мой Ёў.

8І цяпер вазьміце сем бычкоў і сем бараноў, і пайдзіце да слугі Майго Ёва, і складзіце цэла­спаленьне за сябе. І слуга Мой Ёў памоліцца за вас. І Я ўзгляну на аблічча ягонае, і не зраблю вам благога, хоць вы не гаварылі пра Мяне слушна, як слуга Мой Ёў».

9І пайшлі Эліфаз з Тэману, Більдад з Шуаху і Цафар з Наамы, і зрабілі так, як сказаў ім ГОСПАД. І ўзглянуў ГОСПАД на аблічча Ёва.

10І вярнуў ГОСПАД страту Ёву, калі ён памаліўся за сяброў сваіх. І даў ГОСПАД Ёву ўдвая болей таго, што ён меў раней.

11І прыйшлі да яго ўсе браты ягоныя, і ўсе сёстры ягоныя, і ўсе, хто раней ведаў яго, і елі з ім хлеб у доме ягоным, і спачувалі яму, і пацяшалі яго з прычыны няшчасьця, якое на яго спаслаў ГОСПАД. І кожны даў яму па адной кесыце і па адным залатым пярсьцёнку.

12І дабраславіў ГОСПАД апошнія [дні] Ёва больш, чым папярэднія. І было ў яго чатырнаццаць тысячаў авечак і шэсьць тысячаў вярблюдаў, тысяча параў валоў і тысяча асьліцаў.

13І было ў яго сем сыноў і тры дачкі.

14І назваў ён імя першай — Еміма, імя другой — Кецыя, а імя трэцяй — Керэн-Гапух.

15І не знайшлося на ўсёй зямлі такіх прыгожых жанчынаў, як дочкі Ёва. І даў ім бацька іхні спадчыну між братамі іхнімі.

16І жыў Ёў пасьля таго сто сорак гадоў, і бачыў сыноў сваіх і сыноў сыноў сваіх аж да чацьвёртага пакаленьня.

17І памёр Ёў стары і насычаны днямі.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath