Хрысціянства
назад

ЁЎ 34

1І гаварыў Элігу, і сказаў:

2«Мудрыя, слухайце словы мае, і знаўцы, прыхіліце вушы да мяне.

3Бо вуха выспрабоўвае словы, як паднябеньне смакуе страву.

4Разьбяромся між сабою, што слушнае, і зразумеем, што добрае.

5Бо Ёў сказаў: “Я — праведны, а Бог пазбавіў мяне суду.

6Ці буду я казаць хлусьліва пра праўду маю? Небясьпечная рана мая, а я без віны”.

7Ці ёсьць такі чалавек, як Ёў, які п’е зьнявагі, як ваду,

8і ідзе разам са злачынцамі, і ходзіць з людзьмі бязбожнымі?

9Бо ён сказаў: “Няма карысьці чалавеку, калі ён дагаджае Богу”.

10Дык паслухайце мяне, людзі разумныя! Бог далёкі ад няправасьці, і Усемагутны — ад беззаконьня.

11Бо Ён паводле ўчынкаў аднагароджвае чалавеку, паводле шляхоў кожнага аднагароджвае яму.

12Сапраўды, Бог ня чыніць несправядлівасьці, і Усемагутны не перакручвае суд.

13Хто даручыў Яму зямлю? Хто паставіў Яго над усім сусьветам?

14Калі б Ён накіраваў да Сябе сэрца Сваё, і ўзяў да Сябе Духа Свайго і дыханьне Сваё,

15тады загінула б кожнае цела, і чалавек перамяніўся б у парахно.

16Калі ты маеш розум, паслухай гэта, прыхілі вуха на голас словаў маіх.

17Ці той, хто ненавідзіць суд, можа кіраваць? Ці асудзіш ты Найправеднейшага?

18Ці можна сказаць валадару: “Нягоднік”, або начальнікам: “Бязбожнікі”.

19Але Ён не глядзіць на абліччы князёў і ня лічыць багатага вышэй за ўбогага. Бо ўсе яны — творы рук Ягоных.

20Неспадзявана паміраюць яны, і сярод ночы паўстае народ, і яны зьнікаюць, і моцных выганяюць не рукой [чалавека].

21Бо вочы Ягоныя — над шляхамі чалавека, і Ён бачыць усе крокі ягоныя.

22Няма цемры, ані змроку, каб там маглі схавацца злачынцы.

23Бо Ён не прызначае чалавеку тэрмін, каб той ішоў да Бога на суд.

24Ён зьнішчае магутных без запытаньня і на іх месца стаўляе іншых.

25Ён ведае ўчынкі іхнія і скідвае іх ноччу, і яны гінуць.

26Ён ударае іх за бязбожнасьць іхнюю на бачным месцы

27за тое, што яны адвярнуліся ад Яго і не разумелі ўсіх шляхоў Ягоных.

28Бо дайшоў да Яго крык убогіх, і Ён пачуў стагнаньне прыгнечаных.

29Калі Ён супакоіць, хто можа асудзіць? Калі схавае аблічча Сваё, хто можа ўбачыць Яго? Будзе гэта і для народу, і для аднаго чалавека,

30каб не валадарыў чалавек нягодны і ня быў ён пасткай для народу.

31Трэба казаць да Бога: “Я нясу [пакараньне], ня буду больш грашыць.

32Чаго я ня бачу, Ты навучы мяне. Калі я зрабіў злачынства, болей гэтага рабіць ня буду”.

33На [думку] тваю, ці павінен Ён адплаціць [табе], бо ты адкідаеш [гэта]? Бо ты сам, а ня я выбіраеш [казаць гэта]. А калі ведаеш што [больш], скажы.

34Людзі разумныя скажуць мне, і чалавек мудры, які слухае мяне, [прамовіць]:

35“Ёў неразумна кажа, і словы ягоныя без разуменьня”.

36Няхай будзе Ёў дасьледаваны да канца, паводле адказаў ягоных, якія ўласцівыя людзям беззаконным.

37Бо ён дадае да грахоў сваіх правіну, і сярод нас пляскае ў далоні, і памнажае прамовы свае супраць Бога».

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath