Хрысціянства
назад

ЁЎ 30

1А цяпер сьмяюцца з мяне маладзейшыя за мяне днямі, бацькоў якіх я грэбаваў пакласьці разам з сабакамі пры авечках маіх.

2Бо сіла рук іхніх мне была не патрэбная. Поўня сілы іх мінула.

3З бяды і з голаду яны зьнемагліся, і жывіліся ў [зямлі] бясплоднай, зруйнаванай і спустошанай.

4Зьбіралі лебяду і хмызьнякі, і корань ядлоўца быў хлебам іхнім.

5Спасярод сябе іх выкідалі і крычалі на іх, як на злодзеяў.

6І жылі яны ў сухіх ярах, у ямах зямлі і ў скалах.

7Раўлі яны ў хмызьняках і зьбіраліся пад цернямі,

8сыны неразумных і сыны без імя, выгнаныя з зямлі.

9А цяпер стаўся я для іх насьмешкай і зрабіўся ім у прыказку.

10Яны брыдзяцца мяне і ўцякаюць далёка ад мяне, і не саромеюцца пляваць мне ў твар,

11бо Ён разьвязаў пояс мой, і ўдарыў мяне, і яны скінулі вузду [з сябе] перад абліччам маім.

12Праваруч паўстаюць падшыванцы і падстаўляюць нагу мне, і накіроўваюць на мяне сьцежкі загубы сваёй.

13Папсулі яны дарогі мае, карыстаюцца з пакутаў маіх, і ня трэба ім дапамога.

14Як праз вылом муру напалі яны на мяне, і спад руінаў выскокваюць.

15Жахі агарнулі мяне; як вецер зьнікла веліч мая, і збаўленьне маё, як хмара, праляцела.

16І цяпер выліваецца з мяне душа мая, і дні гора нахлынулі на мяне.

17Ноччу [боль] пранізвае косткі мае, і тыя, што ядуць мяне, ня сьпяць.

18Моцна прыстала да мяне адзеньне маё, і прыліпла сукня мая да мяне.

19Ён кінуў мяне ў балота, і я стаўся падобны да пылу і попелу.

20Я клічу Цябе, але Ты не адказваеш мне; стаю, але Ты не глядзіш на мяне.

21Ты стаўся бязьлітасным для мяне і з моцаю бічуеш мяне рукою Тваёй.

22Ты падняў мяне і пусьціў на вецер, і спустошыў мяне.

23Ведаю, што Ты на сьмерць вядзеш мяне, і ў дом, дзе зьбярэцца ўсё жывое.

24Хіба не працягвае рукі зруйнаваны? Ці не крычыць ён у няшчасьці сваім?

25Ці ня плакаў я над пакрыў­джаным? Ці душа мая не спагадала ўбогаму?

26Чакаў я дабра, а прыйшло ліха, і шукаў сьвятла, але прыйшла цемра.

27Нутро маё кіпіць і не змаўкае, нахлынулі на мяне дні гора майго.

28Хаджу я счарнелы, але не ад сонца, устаю ў грамадзе і крычу.

29Я стаўся братам для шакалаў і бліжнім для страусаў.

30Скура мая счарнела на мне, і косткі мае высахлі ад сьпякоты.

31Сталіся сумнымі гусьлі мае, і жалейка мая з плачам галосіць.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath