Хрысціянства
назад

ЁЎ 29

1І працягваў Ёў прамову сваю, і сказаў:

2«Хто мне дасьць, каб я быў як у часы старадаўнія, у тыя дні, калі Бог захоўваў мяне,

3калі сьветач Ягоны сьвяціў над галавой маёй, калі ў сьвятле Ягоным хадзіў я ў цемры,

4калі яшчэ жыў у днях восені маёй, калі спагаднасьць Бога была ў намёце маім,

5калі Усемагутны быў са мною і вакол мяне — дзеці мае,

6калі сьцежкі мае купаліся ў масьле, і са скалы ручаём сьцякаў алей.

7Калі я выходзіў да брамы гораду, і на плошчы ставіў сядзеньне маё,

8убачыўшы мяне, юнакі хаваліся, а старыя ўставалі і стаялі,

9князі пераставалі гаварыць і клалі палец на вусны свае,

10начальнікі спынялі голас свой, і язык іхні прыліпаў да паднябеньня.

11Вуха, якое чула мяне, доб­ра гаварыла пра мяне, і вока, якое бачыла, сьведчыла пра мяне,

12бо я вызваляў гаротніка, які клікаў [мяне], і сірату, і бездапаможнага.

13Дабраславенства таго, які гінуў, зыходзіла на мяне, і сэрца ўдавы я рабіў радасным.

14Я апранаўся ў праведнасьць, і быў апрануты; як плашч і карона быў суд мой.

15Вокам быў я для сьляпога, і нагой — для кульгавага.

16Бацькам быў для ўбогіх, і ў справе, якой ня ведаў, пільна разьбіраўся.

17Я разьдзіраў пашчу крыўдзіцелю і вырываў з зубоў ягоных нарабаванае.

18Я гаварыў у душы: “У гнязьдзе сваім я памру і, як пясок, памножу дні свае.

19Корань мой адкрыты для вады, і раса пакрывае галіны мае.

20Слава мая заўсёды аднаўляецца, і лук у руцэ маёй абнаўляе [сілу]”.

21Тыя, што слухалі мяне, чакалі, і маўчалі, [чуючы] параду маю.

22Да словаў маіх ня мелі нічога дадаць, і мова мая на іх сплывала.

23І чакалі мяне, як дажджу, і адкрывалі вусны свае, як на дождж вясновы.

24Калі ўсміхаўся я да іх, ня верылі, і сьвятла аблічча майго не адкідалі.

25Я выбіраў шлях да іх, і сядзеў на чале, і быў, як валадар у атачэньні войска; як той, хто пацяшае засмучаных.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath