Хрысціянства
назад

ЁЎ 28

1Сапраўды, срэбра мае пачаткі жылаў, і ёсьць месца для золата, дзе яго ачышчаюць.

2Жалеза здабываецца з парахна, і з каменя топіцца медзь.

3[Чалавек] паставіў мяжу цемры, і дасьледуе ўсё да краю, і [шукае] камяні ў цемры і ценю сьмерці.

4Капаюць капальні там, дзе не хадзілі ногі, зыходзяць у глыбіню, вісяць і хістаюцца далёка ад людзей.

5Зямля, з якой хлеб вырастае, у глыбіні перавернута, як агнём.

6Камяні ейныя — месца шафіра, і пясок золата ў ёй.

7Драпежная птушка ня ведае сьцежкі [туды], і ня бачыць яе вока арла.

8Не тапталі яе сыны пыхлівасьці, і не праходзіў па ёй леў.

9Выцягвае [чалавек] руку сваю на крэмень, і пераварочвае горы да падножжа.

10У скалах высякае каналы, і ўсё каштоўнае бачыць вока ягонае.

11І спыняе ён цячэньне рэк, і скарбы выдабывае на сьвятло.

12Але дзе знаходзіцца мудрасьць, і дзе месца розуму?

13Чалавек ня ведае туды дарогі і не знаходзіць яе на зямлі жывых.

14Бездань кажа: “Няма яе ў-ва мне”, і мора кажа: “Няма яе ў-ва мне”.

15Не даецца яна за золата і не здабываецца яна за вагу срэбра.

16Ня плаціцца за яе ані золатам Афіру, ані каштоўным оніксам або шафірам.

17Не раўняецца да яе золата і шкло, не замяніць яе на посуд залаты.

18Каралі і крышталь ня ўзгад­ваюцца [пры ёй]; цана мудрасьці — большая за пэрлы.

19Ня варты яе тапаз з Кушу, і золатам чыстым не ацэніш яе.

20Адкуль паходзіць мудрасьць, і дзе месца розуму?

21Схаваная яна ад вачэй усіх жывых, птушкам нябесным невядомая.

22Абадон і сьмерць кажуць: “Вушамі нашымі мы чулі пра славу яе”.

23Бог разумее шлях яе, і Ён ведае месца ейнае.

24Бо Ён разглядае краі зямлі, і бачыць усё, што пад небам.

25Калі даваў Ён сілу ветру і ўсталёўваў водам берагі,

26калі даваў закон дажджам, і шлях грымоту і маланцы,

27тады бачыў Ён яе, і выявіў, і ўмацаваў яе, і дасьледаваў яе.

28І сказаў Ён чалавеку: “Страх перад Госпадам — гэта мудрасьць; а пазьбягаць зла — розум”».

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath