Хрысціянства
назад

ЁЎ 27

1І працягваў Ёў прамову сваю, і сказаў:

2«На жыцьцё Бога, Які адкінуў суд мой, і на Усемагутнага, Які да горычы давёў душу маю,

3пакуль яшчэ трывае дыханьне ў-ва мне, і пакуль Дух Божы ў ноздрах маіх,

4ня скажуць вусны мае няпраўды, і язык мой ня будзе гаварыць хлусьні.

5Далёкі я ад таго, каб лічыць вас праведнымі. Пакуль не памру, не адступлюся ад нявіннасьці маёй.

6У праведнасьці маёй буду трымацца моцна і не адкіну яе, ня будзе дакараць сэрца маё дзён [жыцьця] майго.

7Няхай будзе як бязбожнік вораг мой, і той, хто паўстае супраць мяне — як злачынца.

8Якая надзея крывадушніка, калі ён будзе адсечаны, калі Бог забярэ душу ягоную.

9Ці выслухае Бог крык ягоны, калі прыйдзе да яго бяда?

10Ці зможа ён цешыцца Усемагутным і клікаць Бога ўвесь час?

11Я навучу вас пра руку Божую, нічога не схаваю пра Усемагутнага.

12Вось, вы ўсё гэта бачылі, дык навошта пустая гаворка?

13Такая вось доля чалавека ліхога і спадчына крыўдзіцеля, якую атрымаюць яны ад Усемагутнага.

14Калі памножацца сыны ягоныя, упадуць ад мяча, і нашчадкі ягоныя не насыцяцца хлебам.

15Хто застанецца ад іх, тых зьнішчыць зараза, і ўдовы ягоныя ня будуць плакаць.

16Калі назьбірае ён срэбра, як пяску, і нарыхтуе адзеньня, як гліны,

17ён, прыгатуе, але апранецца праведнік, і срэбра падзеліць нявінны.

18Пабудаваў ён, як павук, дом сабе, і як вартаўнік зрабіў сабе будан.

19Багатым кладзецца спаць, і такім не ўстае, расплюшчыць вочы свае — і няма нічога.

20Ахопяць яго жахі, як паводка, і ўначы схопіць яго бура.

21Падхопіць яго вецер усходні і панясе, і віхура адарве яго ад месца ягонага.

22Ён кіне яго і не пашкадуе, хоць будзе ўцякаць з рукі Ягонай.

23Будуць пляскаць над ім рукамі сваімі і засьвішчуць над ім на кожным месцы.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath