ЁЎ 19
1І адказаў Ёў, і сказаў:
2«Дакуль будзеце вы зьдзеквацца з душы маёй і мучыць мяне словамі сваімі?
3Ужо дзесяць разоў вы абражалі мяне і не саромеецеся зьневажаць мяне.
4Калі я сапраўды саграшыў, грэх мой застанецца са мною.
5Калі ж вы хочаце ўзьвялічыцца нада мною і ўпікнуць мяне брыдотамі маімі,
6дык, прынамсі, цяпер зразумейце, што Бог пакараў мяне і сецьцю Сваёй аблытаў мяне.
7Хоць я крычу: “Гвалт!”, мяне ня чуюць, лямантую, але няма суду.
8Ён загарадзіў шлях мне, і я не магу прайсьці, і шлях мой цемраю ахутаў.
9Ён сьцягнуў з мяне славу маю і забраў карону з галавы маёй.
10Ён нішчыць мяне адусюль, і я гіну, і Ён зваліў, як дрэва, надзею маю.
11Ён загневаўся на мяне ў ярасьці Сваёй, і залічыў мяне за ворага Свайго.
12І прыйшлі разам дружыны Ягоныя, і рыхтуюць валы супраць мяне, і акружылі аблогаю намёт мой.
13Адвярнуў Ён братоў маіх ад мяне, і знаёмыя мае, быццам чужыя, адыйшліся ад мяне.
14Пакінулі мяне сваякі мае, і тыя, што ведалі мяне, забыліся пра мяне.
15Хатнія ў доме маім і служкі мае за чужога ўважаюць мяне, і быццам чужынец стаўся я ў вачах іхніх.
16Паклікаў я слугу свайго, а ён не паслухаў мяне, хоць вуснамі сваімі ўпрошваю яго.
17Дыханьне маё абрыдла жонцы маёй, і сьмярдзючы я для дзяцей улоньня яе.
18Пагарджаюць мною дзеці малыя, і, калі я ўстаю, яны зьдзекуюцца з мяне.
19Брыдзяцца мною ўсе найбліжэйшыя сябры мае, і тыя, каго я найболей любіў, адвярнуліся ад мяне.
20Да скуры маёй і да цела майго прысохлі косткі мае, засталіся толькі дзясны каля зубоў маіх.
21Зьлітуйцеся нада мною, зьлітуйцеся нада мною, сябры мае! Бо рука Божая дакранулася да мяне.
22Чаму вы як Бог перасьледуеце мяне і зьдзекуецеся над целам маім?
23Хто запіша словы мае? Хто дасьць мне, каб былі яны зазначаныя ў кнізе,
24разцом жалезным на волаве, або высечаны на скале?
25Я ведаю, што Абаронца мой жывы, і што ў апошні дзень Ён стане над парахном маім,
26і хоць зьнішчана скура мая, у целе маім я ўбачу Бога.
27Я сам убачу Яго, і вочы мае, а ня іншага, будуць аглядаць Яго. Прагнуць [гэтага] ныркі мае ў нутры маім.
28Вы ня кажаце: “Навошта мы перасьледуем яго?”, нібыта корань справы знойдзены ў-ва мне.
29Дык бойцеся мяча, бо гнеў супраць грэху — гэты меч, і ведайце, што ёсьць суд».
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath