ЁЎ 15
1І адказаў Эліфаз з Тэману, і сказаў:
2«Ці ж будзе мудры адказваць на словы пустыя, і ці напоўніць жывот свой ветрам палючым?
3Ці будзе спрачацца словамі пустымі і словамі, якія нічым не дапамогуць?
4Ты адкідаеш страх Божы і аслабляеш малітву да Бога.
5Вусны твае гавораць паводле сапсутасьці тваёй, і ты карыстаешся мовай хітруноў.
6Асуджаюць цябе вусны твае, але ня я, і губы твае сьведчаць супраць цябе.
7Ці ты — першы чалавек, які нарадзіўся, і ці ты створаны раней за ўзгоркі?
8Ці ты слухаў на нарадзе з Богам і ўзяў сабе мудрасьць?
9Ці ты нешта ведаеш, чаго мы ня ведаем? Або нешта разумееш, чаго мы не разумеем?
10Паміж нас ёсьць і старыя, і сівыя, старэйшыя, чым дні бацькі твайго.
11Ці табе мала пацяшэньня Божага і лагоднага слова, якое табе сказанае?
12Чаму так абураецца сэрца тваё, і чаму так ганарліва глядзяць вочы твае,
13што ты гневаешся на Бога і вырываюцца такія словы з вуснаў тваіх?
14Хто такі чалавек, каб быць яму беззаганным? І ці можа быць праведным народжаны жанчынаю?
15Ён сьвятым Сваім не давярае, і нябёсы нячыстыя ў вачах Ягоных.
16Тым больш брыдкі і сапсуты чалавек, які, як ваду, п’е ліхоту.
17Паслухай мяне, і я распавяду табе, і тое, што бачыў, раскажу табе,
18што мудрыя чулі і ня ўтойвалі гэтага бацькі іхнія.
19Ім толькі была дадзена зямля, і паміж іх не хадзіў чужынец.
20Бязбожнік мучыцца праз усё жыцьцё сваё, і няпэўны лік гадоў злачынцы.
21Ён заўсёды чуе крык жахлівы вушамі сваімі, і калі падаецца, што ўсё спакойна, на яго нападае нішчыцель.
22Ён ня верыць, што можа вырвацца з цемры, яму прызначана ад мяча загінуць.
23Ён бадзяецца, [шукаючы] хлеба, і дзе ён? І ён ведае, што падрыхтаваны для яго дзень цемры.
24Палохае яго бяда, і мучэньне на яго нападае, як валадар, падрыхтаваны да бою.
25Выцягвае ён руку сваю на Бога і хоча працівіцца Усемагутнаму,
26і бяжыць на Яго з выцягнутай шыяй пад заслонай тоўстага шчыта.
27Ён пакрыў твар свой тлушчам сваім, а з бакоў ягоных сала зьвісае.
28Ён жыве ў гарадах апусьцелых, і ў дамах неабжытых, даведзеных да заняпаду.
29Ён ня будзе багаты, і не захаваецца маёмасьць ягоная, і на зямлі ён не запусьціць каранёў.
30Ня выберацца ён з цемры, і сьпёка спаліць парасткі ягоныя, і вецер абаб’е першацьвет ягоны.
31Няхай ня верыць марнасьці ашуканы, бо марнасьць будзе ўзнагародай ягонай.
32Перш, чым спыняцца дні ягоныя, ён зьвяне, і галіны ягоныя не зазелянеюць.
33Скіне ён, як вінаградная лаза, недасьпелыя гронкі, і, як аліўка, страсе кветкі свае.
34Грамада бязбожніка будзе бясплоднай, агонь спаліць намёты хабарнікаў.
35Бо ён зачаў ліхоту і нарадзіў марнасьць, і нутро ягонае падман рыхтуе».
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath