ЯНА 9
1І, праходзячы, убачыў чалавека, сьляпога ад нараджэньня.
2І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Раббі! Хто саграшыў: ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сьляпы?»
3Адказаў Ісус: «Не саграшыў ані ён, ані бацькі ягоныя, але каб былі выяўленыя праз яго справы Божыя.
4Мне трэба рабіць справу Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль дзень; прыходзіць ноч, калі ніхто ня можа рабіць.
5Пакуль Я ў сьвеце, Я —сьвятло сьвету».
6Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сьліны балота і памазаў балотам вочы сьляпому,
7і сказаў яму: «Ідзі, абмыйся ў сажалцы Сілаам, — што перакладаецца Пасланы». Тады той пайшоў, і абмыўся, і прыйшоў відушчы.
8Суседзі ж і тыя, што бачылі яго раней, як быў сьляпы, казалі: «Ці ж ня той гэта, які сядзеў і жабраваў?»
9Адны казалі: «Гэта ён», а іншыя: «Падобны да яго». Ён жа сказаў: «Гэта я».
10Тады сказалі яму: «Як адчыніліся вочы твае?»
11Адказаў ён і сказаў: «Чалавек, называны Ісус, зрабіў балота, памазаў вочы мае і сказаў мне: “Ідзі да сажалкі Сілаам і абмыйся”. Я пайшоў, абмыўся і стаў бачыць».
12Тады сказалі яму: «Дзе Ён?» Ён кажа: «Ня ведаю».
13Вядуць гэтага былога сьляпога да фарысэяў.
14А была субота, калі Ісус зрабіў балота і адчыніў яму вочы.
15Тады ізноў спыталіся ў яго фарысэі, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: «Балота палажыў Ён на вочы мае, і я абмыўся, і бачу».
16Сказалі тады некаторыя з фарысэяў: «Не ад Бога Гэты Чалавек, бо Ён не захоўвае суботы». Іншыя казалі: «Як можа чалавек грэшны рабіць гэткія знакі?» І быў падзел між імі.
17Зноў кажуць сьляпому: «Што ты скажаш пра Яго, бо Ён адчыніў табе вочы?» Той гаворыць: «Гэта прарок».
18Юдэі тады не паверылі, што ён быў сьляпы і стаў бачыць, пакуль не паклікалі бацькоў гэтага [чалавека], які стаў бачыць,
19і спыталіся ў іх, кажучы: «Ці гэта сын ваш, пра якога вы кажаце, што ён нарадзіўся сьляпы? Як жа ён цяпер бачыць?»
20Бацькі ягоныя адказалі ім і сказалі: «Мы ведаем, што ён — наш сын, і што ён нарадзіўся сьляпы.
21А як цяпер бачыць, ня ведаем, таксама, хто адчыніў яму вочы, мы ня ведаем. Ён дарослы, яго спытайцеся; няхай сам пра сябе скажа».
22Так казалі бацькі ягоныя, таму што баяліся Юдэяў, бо Юдэі ўжо дамовіліся, каб калі хто прызнае Яго за Хрыста, адлучыць ад сынагогі.
23Дзеля гэтага бацькі ягоныя сказалі: «Ён дарослы, яго спытайцеся».
24Тады другі раз паклікалі таго чалавека, які быў сьляпы, і сказалі яму: «Аддай славу Богу. Мы ведаем, што Чалавек Той — грэшнік».
25Ён жа адказаў і сказаў: «Ці Ён — грэшнік, ня ведаю. Адно ведаю, што я быў сьляпы, а цяпер бачу».
26Дык ізноў сказалі яму: «Што Ён зрабіў табе? Як Ён адчыніў твае вочы?»
27Адказаў ім: «Я ўжо казаў вам, і вы ня слухалі. Што яшчэ хочаце пачуць? Няўжо і вы хочаце стацца вучнямі Ягонымі?»
28Тады насварыліся на яго і сказалі: «Гэта ты — Ягоны вучань, а мы — вучні Майсея.
29Мы ведаем, што з Майсеем гаварыў Бог, а Гэтага ня ведаем, адкуль Ён».
30Адказаў чалавек той і сказаў ім: «Гэта і дзіўна, што вы ня ведаеце, адкуль Ён, а Ён адчыніў мае вочы.
31Мы ж ведаем, што грэшнікаў Бог ня слухае; але хто пакланяецца Богу і волю Ягоную выконвае, таго слухае.
32Ад веку не чуваць было, каб хто адчыніў вочы народжанаму сьляпым.
33Калі б Ён ня быў ад Бога, ня мог бы нічога ўчыніць».
34Адказалі і сказалі яму: «У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты нас вучыш?» І выгналі яго прэч.
35Пачуў Ісус, што выгналі яго прэч, і, знайшоўшы яго, сказаў яму: «Ці верыш ты ў Сына Божага?»
36Той адказаў і сказаў: «А хто Ён, Пане, каб мне верыць у Яго?»
37Ісус жа сказаў яму: «І ты бачыў Яго, і Той, Які гаворыць з табою, — гэта Ён».
38Ён жа сказаў: «Веру, Госпадзе!» І пакланіўся Яму.
39І сказаў Ісус: «На суд прыйшоў Я ў сьвет гэты, каб тыя, што ня бачаць, бачылі, а тыя, што бачаць, зрабіліся сьляпыя».
40І пачулі гэта тыя з фарысэяў, якія былі з Ім, і сказалі Яму: «Няўжо і мы сьляпыя?»
41Ісус сказаў ім: «Калі б вы былі сьляпыя, ня мелі б грэху. Але цяпер вы кажаце, што бачыце, таму грэх ваш застаецца.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath