ЯНА 7
1І хадзіў Ісус пасьля гэтага па Галілеі, бо не хацеў хадзіць па Юдэі, таму што Юдэі шукалі забіць Яго.
2Было ж блізка сьвята юдэйскае, [сьвята] Намётаў.
3Тады браты Ягоныя сказалі Яму: «Выйдзі адсюль і пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі справы Твае, якія Ты робіш.
4Бо ніхто нічога таемна ня робіць, і сам імкнецца быць вядомым. Калі робіш гэткае, зьяві Сябе сьвету».
5Бо і браты Ягоныя таксама ня верылі ў Яго.
6Ісус жа кажа ім: «Час Мой яшчэ не прыйшоў, а для вас заўсёды час.
7Вас сьвет ня можа ненавідзець, а Мяне ненавідзіць, бо Я сьведчу пра яго, што справы ягоныя злыя.
8Вы ідзіце на гэтае сьвята, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ ня споўніўся».
9Сказаўшы ім гэта, застаўся ў Галілеі.
10Калі ж пайшлі браты Ягоныя, тады і Ён пайшоў на сьвята, ня яўна, але як быццам таемна.
11А Юдэі шукалі Яго на сьвяце і гаварылі: «Дзе Ён?»
12І шмат размоваў было адносна Яго ў натоўпах: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: «Не, бо Ён падманвае грамаду».
13Аднак ніхто не гаварыў адносна Яго яўна дзеля страху перад Юдэямі.
14Але ў палове сьвята Ісус увайшоў у сьвятыню і навучаў.
15І зьдзіўляліся Юдэі, кажучы: «Як Ён ведае Пісаньні, не вучыўшыся?»
16Адказаў ім Ісус і сказаў: «Маё вучэньне не Маё, але Таго, Хто паслаў Мяне.
17Калі хто хоча выконваць волю Яго, той зразумее адносна вучэньня гэтага, ці ад Бога яно, ці Я ад Сябе гавару.
18Хто гаворыць сам ад сябе, той шукае сваёй славы, а Хто шукае славы Таго, Хто паслаў Яго, Той праўдзівы, і няма ў Ім няправеднасьці.
19Ці ня даў вам Майсей Закону? І ніхто з вас не выконвае Закон. За што шукаеце забіць Мяне?»
20Натоўп адказаў і сказаў: «Дэмана Ты маеш. Хто шукае забіць Цябе?»
21Адказаў Ісус і сказаў ім: «Адну справу Я зрабіў, і вы ўсе зьдзіўляецеся.
22Майсей даў вам абразаньне; хоць яно і не ад Майсея, але ад бацькоў, і ў суботу вы абразаеце чалавека.
23Калі ў суботу абразаецца чалавек, каб ня быў парушаны закон Майсееў, чаму ж вы незадаволеныя Мною, што Я ўсяго чалавека зрабіў здаровым у суботу?
24Не судзіце па зьнешнасьці, але судзіце судом справядлівым».
25Казалі тады некаторыя з Ерусалімцаў: «Ці ж гэта ня Той, Якога шукаюць, каб забіць?
26І вось Ён яўна гаворыць, і нічога ня кажуць Яму. Ці не пераканаліся начальнікі, што Ён сапраўды Хрыстос?
27Але мы ведаем Яго, адкуль Ён. Калі ж прыйдзе Хрыстос, ніхто ня будзе ведаць, адкуль Ён».
28Усклікнуў тады Ісус у сьвятыні, навучаючы і кажучы: «І Мяне ведаеце, і ведаеце адкуль Я, і Я прыйшоў ня Сам ад Сябе, але праўдзівы Той, Які паслаў Мяне, Якога вы ня ведаеце.
29А Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён Мяне паслаў».
30І шукалі, каб схапіць Яго, і ніхто не ўзлажыў на Яго рукі, бо яшчэ не прыйшла гадзіна Ягоная.
31Многія ж з натоўпу паверылі ў Яго і казалі: «Хрыстос, калі прыйдзе, няўжо ўчыніць больш знакаў, чым Гэты ўчыніў?»
32Пачулі фарысэі натоўп, які гэтак гаварыў адносна Яго; і паслалі фарысэі і першасьвятары паслугачоў, каб схапілі Яго.
33Ісус жа сказаў ім: «Яшчэ трохі часу Я буду з вамі, і пайду да Таго, Які паслаў Мяне.
34Будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце, і дзе Я буду, вы ня можаце прыйсьці».
35Гаварылі тады Юдэі між сабою: «Куды Ён мае ісьці, што мы ня знойдзем Яго? Ці ня мае Ён ісьці да грэцкага расьцярушаньня і навучаць Грэкаў?
36Што мае значыць гэтае слова, якое Ён сказаў: “Будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце, і дзе Я буду, вы ня можаце прыйсьці”? »
37А ў апошні вялікі дзень сьвята Ісус стаяў і ўсклікнуў, кажучы: «Калі хто смагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е.
38Хто верыць у Мяне, як сказана ў Пісаньні, у таго з жывата пацякуць рэкі вады жывое».
39Гэта сказаў Ён пра Духа, Якога меліся прыняць тыя, якія вераць у Яго, бо не было яшчэ Духа Сьвятога, бо ня быў яшчэ Ісус праслаўлены.
40Многія з натоўпу, пачуўшы гэта слова, казалі: «Ён, сапраўды, — прарок».
41Другія казалі: «Ён — Хрыстос». А іншыя казалі: «Хіба з Галілеі прыйдзе Хрыстос?
42Ці ж не сказана ў Пісаньні, што з насеньня Давідавага і з Бэтлеему, мястэчка, адкуль быў Давід, прыйдзе Хрыстос?»
43І стаўся дзеля Яго падзел у натоўпе.
44А некаторыя з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не ўзлажыў на Яго рукі.
45Тады вярнуліся паслугачы да першасьвятароў і фарысэяў, і тыя сказалі ім: «Чаму вы не прывялі Яго?»
46Паслугачы адказалі: «Ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек».
47Фарысэі тады адказалі ім: «Няўжо і вы падманутыя?
48Ці паверыў у Яго хто з начальнікаў ці з фарысэяў?
49Але гэты натоўп, які ня ведае Закону, ён пракляты».
50Кажа ім Нікадэм, адзін з іх, які прыходзіў да Яго ўначы:
51«Няўжо судзіць наш Закон чалавека, ня выслухаўшы яго спачатку і не даведаўшыся, што ён робіць?»
52Адказалі і сказалі яму: «Няўжо і ты з Галілеі? Дасьледуй і пабач, што з Галілеі прарок не паўставаў».
53І пайшоў кожны ў дом свой.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath