Хрысціянства
назад

ЯНА 6

1Пасьля гэтага адыйшоў Ісус на другі бок мора Галілейскага, значыцца, Тыбэрыядзкага.

2І ішоў за Ім шматлікі натоўп, бо бачылі знакі, якія Ён учыняў адносна нядужых.

3І ўзыйшоў Ісус на гару, і там сядзеў з вучнямі Сваімі.

4А была блізка Пасха, сьвята юдэйскае.

5Тады Ісус, падняўшы вочы і ўгледзеўшы, што вялікі натоўп ідзе да Яго, кажа Філіпу: «Дзе мы купім хлеба, каб яны пад’елі?»

6Казаў жа Ён гэта, выпрабоўваючы яго, бо Сам ведаў, што меўся зрабіць.

7Адказаў Яму Філіп: «Ім на дзьвесьце дынараў ня хопіць хлеба, каб кожны з іх атрымаў хоць нешта».

8Кажа Яму адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра:

9«Тут ёсьць адзін хлопчык, які мае пяць хлябоў ячменных і дзьве рыбы; але што гэта для такога мноства?»

10Ісус сказаў: «Скажыце людзям узьлегчы». Было ж на тым месцы шмат травы. Тады ўзьлеглі мужчыны лікам каля пяці тысячаў.

11І ўзяў Ісус хлябы, і, падзякаваўшы, раздаў вучням, а вучні — тым, якія ўзьляглі, падобным чынам і рыбы, колькі хто хацеў.

12Калі ж яны насыціліся, Ён кажа вучням Сваім: «Зьбярыце кавалкі, якія засталіся, каб нічога не прапала».

13Тады сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі ад пяці ячменных хлябоў, што засталіся ў тых, якія елі.

14Людзі ж, убачыўшы знак, які ўчыніў Ісус, казалі: «Гэта сапраўды Прарок, Які прыходзіць у сьвет».

15Ісус жа, даведаўшыся, што яны маюць прыйсьці і ўзяць Яго, каб зрабіць Яго валадаром, ізноў адыйшоў на гару адзін.

16Калі надыйшоў вечар, вучні Ягоныя зыйшлі да мора

17і, увайшоўшы ў човен, паплылі на другі бок мора ў Капэрнаум. І было ўжо цёмна, і Ісус не прыйшоў да іх.

18А мора хвалявалася, бо дзьмуў моцны вецер.

19Праплыўшы каля дваццаці ці трыццаці стадыяў, яны бачаць Ісуса, Які ідзе па моры і ўжо недалёка ад чаўна, і спалохаліся.

20Ён жа кажа ім: «Гэта Я, ня бойцеся!»

21Яны хацелі ўзяць Яго ў човен, і адразу човен прыстаў да берагу, да якога плылі.

22На заўтра натоўп, які стаяў на другім баку мора, убачыў, што там не было другога чаўна, апрача аднаго, у які ўвайшлі вучні Ягоныя, і што Ісус не ўваходзіў у човен з вучнямі Сваімі, але адплылі адны вучні Ягоныя.

23Другія ж чаўны прыплылі з Тыбэрыяды, паблізу ад таго месца, дзе елі хлеб, за які дзякаваў Госпад.

24Калі натоўп убачыў, што там няма ані Ісуса, ані вучняў Ягоных, дык увайшлі ў чаўны і прыплылі ў Капэрнаум, шукаючы Ісуса.

25І, знайшоўшы Яго на другім баку мора, сказалі Яму: «Раббі, калі Ты сюды прыйшоў?»

26Адказаў ім Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі знак, але таму, што елі хлеб і наеліся.

27Працуйце ж ня дзеля ежы, што зьнішчаецца, але дзеля ежы, якая застаецца ў жыцьцё вечнае, якое дасьць вам Сын Чалавечы, бо на Ім паставіў пячатку Айцец Бог».

28Тады сказалі Яму: «Што нам рабіць, каб рабіць справы Божыя?»

29Адказаў Ісус і сказаў ім: «Гэта ёсьць справа Божая, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў».

30Тады яны сказалі Яму: «Які тады зробіш знак, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчыніш?

31Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: “Хлеб з неба даў ім есьці”».

32Сказаў тады ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам праўдзівы хлеб з неба,

33бо хлеб Божы ёсьць Той, Які зыходзіць з неба і дае жыцьцё сьвету».

34Тады сказалі Яму: «Госпадзе! Давай нам заўсёды такі хлеб».

35Ісус жа сказаў ім: «Я ёсьць хлеб жыцьця. Хто прыходзіць да Мяне, ня будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ня будзе смагнуць ніколі.

36Але Я сказаў вам, што вы бачылі Мяне, і ня верыце.

37Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе, і таго, хто прыходзіць да Мяне, ня выганю прэч.

38Бо Я зыйшоў з неба не дзеля таго, каб чыніць Маю волю, але волю Таго, Хто паслаў Мяне.

39А гэта ёсьць воля Айца, Які паслаў Мяне, каб з таго, што Ён Мне даў, нічога не загубіць, але ўваскрасіць усё ў апошні дзень.

40Гэта ж ёсьць воля Таго, Хто паслаў Мяне, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу Яго ў апошні дзень».

41Тады Юдэі пачалі наракаць на Яго, бо Ён сказаў: «Я ёсьць хлеб, які з неба зыйшоў»,

42і гаварылі: «Ці ж Ён не Ісус, сын Язэпаў, бацьку і маці Якога мы ведаем? Як жа Ён кажа: “Я зыйшоў з неба”?»

43Тады адказаў Ісус і сказаў ім: «Не наракайце між сабою.

44Ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі Айцец, Які паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.

45Напісана ў Прарокаў: “І будуць усе навучаны Богам”. Дык кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне.

46Не таму, што нехта бачыў Айца, акрамя Таго, Які ў Бога, Ён бачыў Айца.

47Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыцьцё вечнае.

48Я — хлеб жыцьця.

49Бацькі вашыя елі манну ў пустыні і паўміралі.

50Хлеб жа, які з неба зыходзіць, такі, што той, хто будзе есьці яго, не памрэ.

51Я — хлеб жывы, які з неба зыйшоў. Хто будзе есьці хлеб гэты, жыць будзе на вякі. Хлеб жа, які Я дам, ёсьць Цела Маё, якое Я аддам за жыцьцё сьвету».

52І спрачаліся між сабою Юдэі, кажучы: «Як Ён можа даць нам есьці Цела Сваё?»

53Тады сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі ня будзеце есьці Цела Сына Чалавечага і піць Кроў Ягоную, ня будзеце мець жыцьця ў сабе.

54Хто есьць Цела Маё і п’е Кроў Маю, мае жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.

55Бо Цела Маё сапраўды ёсьць ежа, і Кроў Мая сапраўды ёсьць пітво.

56Хто есьць Цела Маё і п’е Кроў Маю, у-ва Мне ёсьць, і Я ў ім.

57Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву праз Айца, так і той, хто есьць Мяне, жыць будзе праз Мяне.

58Гэта і ёсьць хлеб, які з неба зыйшоў. Ня так, як бацькі вашыя елі манну і паўміралі. Хто есьць гэты хлеб, жыць будзе на вякі».

59Гэта гаварыў Ён у сынагозе, навучаючы ў Капэрнауме.

60Многія з вучняў Ягоных, якія чулі гэта, казалі: «Жорсткае гэта слова. Хто можа слухаць яго?»

61Ісус жа, ведаючы ў Сабе, што вучні Ягоныя наракаюць адносна гэтага, сказаў ім: «Ці гэта вас згаршае?

62А калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыходзіць туды, дзе быў раней?

63Дух ажыўляе, а цела не прыносіць аніякай карысьці. Словы, якія Я вам кажу, ёсьць дух і жыцьцё.

64Але ёсьць некаторыя сярод вас, якія ня вераць». Бо Ісус ад пачатку ведаў, што ёсьць тыя, якія ня вераць, і хто выдасьць Яго.

65І сказаў: «Дзеля гэтага і сказаў Я вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі яму ня будзе дадзена Айцом Маім».

66З таго часу многія з вучняў Ягоных пайшлі назад і ўжо не хадзілі з Ім.

67Тады Ісус сказаў Дванаццаці: «Ці ня хочаце і вы зыйсьці?»

68Адказаў тады Яму Сымон Пётар: «Госпадзе! Да каго нам ісьці? Ты маеш словы жыцьця вечнага.

69І мы паверылі, і пазналі, што Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога».

70Адказаў ім Ісус: «Ці ня вас дванаццаць Я выбраў? Але адзін з вас — д’ябал».

71Гаварыў жа Ён пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо той меўся выдаць Яго, хоць быў адзін з Дванаццаці.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath