Хрысціянства
назад

ЯРЭМІЯ 9

1Хто зробіць галаву маю [крыніцай] вады, а вочы мае — фантанам сьлёзаў, і я буду ўдзень і ўначы плакаць дзеля забітых дачкі народу майго?

2Хто дасьць мне ў пустыні прыстанішча, каб я мог пакінуць народ мой і адыйсьціся ад яго? Бо ўсе яны — чужаложнікі, зборышча здраднікаў.

3Яны напінаюць язык свой [быццам] лук, хлусьня і няпраўда ўмацаваліся на зямлі, бо ад ліхоты ідуць да ліхоты, а Мяне ня ведаюць, кажа ГОСПАД.

4Высьцерагаюцца адзін аднаго, і брат да брата ня мае даверу, бо кожны брат, ашукваючы, ашуквае, і кожны бліжні ачарняе падступна.

5Чалавек падманвае бліжняга свайго і праўды ня кажа, яны прывучылі язык свой прамаўляць хлусьню, стаміліся, робячы ліхое.

6Ты жывеш сярод падману, праз падман яны ня хочуць ведаць Мяне, кажа ГОСПАД.

7Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Вось, Я ператаплю іх і выспрабую іх, бо што іначай магу ўчыніць адносна дачкі народу Майго?

8Як страла згубная язык іхні, ашуканства кажуць вуснамі сваімі, гавораць бліжняму свайму “супакой”, а ў нут­ры сваім рыхтуюць пастку.

9Ці за гэта Я ня маю караць іх? — кажа ГОСПАД. Ці народу такому не адпомсьціць душа Мая?

10У гарах Я ўзьніму плач і галашэньне, а на пашах у пустыні — сьпеў жалобны, бо яны спаленыя, няма нікога, хто там праходзіць, і не чутно там рыку быдла; ад птушкі нябеснай аж да дзікага зьвера ўсе разьбегліся, зьніклі.

11І Я зраблю Ерусалім купай друзу і лежышчам цмокаў, а гарады Юды замяню на пустэчу, дзе ніхто не жыве”.

12Хто чалавек мудры і зразумее гэта? Да каго вусны ГОСПАДА прамовілі і абвясьцілі, чаму загінула зямля, спаленая, як пустыня, дзе няма каму хадзіць?

13І сказаў ГОСПАД: “За тое, што яны пакінулі Закон Мой, які Я даў перад абліччам іхнім, і ня слухалі голас Мой, і не хадзілі паводле [Закону],

14але пайшлі паводле закамянеласьці сэрца свайго і за Баалам, як навучылі іх бацькі іхнія”.

15Дзеля гэтага так кажа ГОС­ПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Вось, Я накармлю народ гэты палыном і напаю іх вадой атрутнай.

16І Я расьцярушу іх сярод народаў, якіх ня ведаюць яны і бацькі іхнія, і пашлю ўсьлед за імі меч, аж пакуль ня выгублю іх”.

17Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Зважце [на гэта] і паклічце плачак, няхай яны прыйдуць, пашліце па мудрых, і няхай прыйдуць.

18І няхай пасьпяшаюцца, і няхай узьнімуць дзеля нас галашэньне, і няхай пацякуць сьлёзы з вачэй нашых, і няхай вада пацячэ з павекаў нашых”.

19Бо голас галашэньня чуваць з Сыёну: “Як мы зьнішчаны, мы вельмі асаромленыя, бо мусім пакінуць зямлю сваю, пакінуць паселішчы нашыя!”

20Паслухайце, жанчыны, слова ГОСПАДА, і няхай прыймуць вушы вашыя слова вуснаў Ягоных, і навучыце дочак вашых галашэньням, а адна другую — песьням жалобным.

21Бо сьмерць улезла праз вокны нашыя, увайшла ў дамы нашыя, нішчыць дзяцей на вуліцах і юнакоў на плошчах.

22Прамаўляй гэтак, кажа ГОСПАД. І будуць ляжаць трупы чалавечыя, як гной на абліччы поля і як снапы за жняцом, і няма каму зьбіраць [іх].

23Гэта кажа ГОСПАД: “Няхай ня хваліцца мудры мудрасьцю сваёй, і няхай ня хваліцца асілак сілаю сваёй, і няхай ня хваліцца багаты багацьцем сваім,

24але хто хваліцца, няхай хваліцца тым, што ён разумны і ведае Мяне, што Я — ГОСПАД, Які чыніць міласэрнасьць, суд і праведнасьць на зямлі, бо гэта падабаецца Мне, кажа ГОСПАД.

25Вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я наведаю ўсіх абрэзаных, але са скуравінкай,

26Эгіпет, Юду, Эдом, сыноў Амона, Мааў і ўсіх, якія пад­разаюць валасы і жывуць у пустыні, бо ўсе народы не­абрэзаныя, а ўвесь дом Ізраіля — з неабрэзаным сэрцам”.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath