ЯРЭМІЯ 43
1І сталася, калі Ярэмія скончыў прамаўляць да ўсяго народу ўсе словы ГОСПАДА, Бога іхняга, якія паслаў да іх ГОСПАД, Бог іхні, усе словы гэтыя,
2сказалі Азарыя, сын Гашаі, і Ёханан, сын Карэаха, і ўсе людзі дзёрзкія, кажучы да Ярэміі: «Хлусьню ты гаворыш! Не пасылаў цябе ГОСПАД, Бог наш, кажучы: “Не ідзіце ў Эгіпет, каб там пасяліцца!”
3Бо Барух, сын Нэрыі, намовіў цябе супраць нас, каб выдаць нас у рукі Халдэйцаў, каб забіць нас або выгнаць нас у Бабілон».
4І Ёханан, сын Карэаха, і ўсе князі войска, і ўвесь народ не паслухалі голасу ГОСПАДА, каб жыць у зямлі Юды.
5І Ёханан, сын Карэаха, і ўсе князі войска ўзялі ўсю рэшту Юды, якія вярнуліся з усіх народаў, куды былі выгнаныя, каб жыць у зямлі Юды,
6мужчынаў, жанчынаў, дзяцей, дочак валадара і кожную душу, якую Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, пакінуў разам з Гедаліем, сынам Ахікама, сынам Шафана, і Ярэмію прарока, і Баруха, сына Нэрыі.
7І пайшлі яны ў зямлю Эгіпецкую, бо не паслухаліся голасу ГОСПАДА, і прыйшлі ў Тахпанхэс.
8І было слова ГОСПАДА да Ярэміі ў Тахпанхэсе, кажучы:
9«Вазьмі ў рукі твае камяні вялікія і схавай іх у гліне цагельнай пры ўваходзе ў дом фараона ў Тахпанхэсе на вачах мужоў Юдэйскіх.
10І скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я пашлю і прывяду Навухаданосара, валадара Бабілонскага, слугу Майго. І ён паставіць пасад свой на камянях гэтых, якія Я схаваў, і ён расьцягне намёт свой над імі.
11І ён прыйдзе, і ўдарыць зямлю Эгіпецкую, і хто прызначаны на сьмерць, [той пойдзе] на сьмерць, хто ў палон, [той пойдзе] ў палон, хто пад меч, [той пойдзе] пад меч.
12І ён падпаліць агонь у дамах багоў Эгіпецкіх, і спаліць іх, і возьме ў палон, і ачысьціць зямлю Эгіпецкую, як чысьціць пастух адзеньне сваё, і выйдзе адтуль у супакоі.
13І паломіць ён слупы Бэт-Шэмэшу, які ў зямлі Эгіпецкай, і дамы багоў Эгіпецкіх спаліць агнём”».
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath