ЯРЭМІЯ 32
1Слова, якое было ад ГОСПАДА да Ярэміі ў дзясятым годзе Сэдэкіі, валадара Юды, значыцца, у васямнаццатым годзе Навухаданосара.
2Тады войска валадара Бабілонскага трымала ў аблозе Ерусалім, а Ярэмія прарок быў увязьнены на панадворку вартоўні ў доме валадара Юды.
3Увязьніў яго там Сэдэкія, валадар Юды, кажучы: «Навошта ты прарочыш, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я аддам горад гэты ў рукі валадара Бабілонскага, і ён здабудзе яго.
4А Сэдэкія, валадар Юды, не ўцячэ з рук Халдэйцаў, але выдаваньнем будзе выдадзены ў рукі валадара Бабілонскага, і будзе прамаўляць вуснамі сваімі ў вусны ягоныя, і вачыма сваімі ўбачыць вочы ягоныя.
5І ён павядзе Сэдэкію ў Бабілон, і ён будзе там, пакуль Я не наведаю яго, кажа ГОСПАД, бо калі вы будзеце ваяваць з Халдэйцамі, не пашчасьціць вам”».
6І сказаў Ярэмія: «Было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы:
7“Вось, Ханамээль, сын Шальлюма, дзядзькі твайго, ідзе да цябе, кажучы: "Купі сабе поле маё, якое ў Анатоце, бо ты маеш права выкупу, каб набыць [яго] "”.
8І прыйшоў да мяне Ханамээль, сын дзядзькі майго, паводле слова ГОСПАДА на панадворак вартоўні, і сказаў мне: “Купі, прашу, поле маё, якое ў Анатоце ў зямлі Бэн’яміна, бо ты маеш права спадчыны і выкупу. Купі [яго] сабе!” І я зразумеў, што гэта [было] слова ГОСПАДА.
9І я купіў поле ад Ханамээля, сына дзядзькі майго, поле, якое ў Анатоце, і адважыў яму срэбра, сямнаццаць сыкляў срэбра,
10і напісаў дамову, і запячатаў, і ўзяў сьведкаў, і адважыў срэбра на вагах.
11І потым я ўзяў дамову куплі, запячатаную паводле прыказаньня і пастановаў, і [дамову] адкрытую.
12І даў я дамову куплі Баруху, сыну Нэрыя, сына Махсэя, на вачах Ханамээля, [сына] дзядзькі майго, і на вачах сьведкаў, напісаных у дамове куплі, і на вачах усіх [людзей] Юды, якія былі на панадворку вартоўні.
13І я загадаў Баруху на вачах іхніх, кажучы:
14“Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вазьмі лісты гэтыя, дамову куплі запячатаную і дамову адкрытую, і зьмясьці [іх] у пасудзіну гліняную, каб захаваліся на шмат дзён.
15Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: "Будуць яшчэ купляць дамы, палі і вінаграднікі ў зямлі гэтай"”.
16І маліўся я да ГОСПАДА пасьля таго, як аддаў дамову куплі Баруху, сыну Нэрыя, кажучы:
17“О, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, вось, Ты ўчыніў неба і зямлю вялікай сілаю Тваёю і рамяном Тваім узьнятым. Не складаная для Цябе ніякая рэч.
18Ты зьяўляеш міласэрнасьць для тысячаў [пакаленьняў], але адплачваеш за беззаконьні бацькоў ва ўлоньне сыноў іхніх пасьля іх. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Тваё.
19Ты вялікі ў радзе і магутны ў справах. Вочы Твае адкрытыя на ўсе шляхі сыноў чалавечых, каб даць кожнаму паводле шляхоў ягоных і паводле пладоў учынкаў ягоных.
20Ты чыніў знакі і цуды ў зямлі Эгіпецкай, і аж да дня гэтага ў Ізраілі і сярод людзей, і Ты зрабіў Сабе імя, [якое маеш] сёньня.
21І Ты вывеў народ Твой, Ізраіль, з зямлі Эгіпецкай знакамі і цудамі, і рукою магутнаю, і рамяном узьнятым сярод трывогі вялікай.
22І Ты даў ім зямлю гэтую, якую запрысяг даць бацькам іхнім, зямлю, якая ацякае ў мёд і малако.
23І яны прыйшлі, і ўзялі яе на ўласнасьць, але ня слухалі голасу Твайго, і не хадзілі паводле Закону Твайго, і не рабілі ўсяго таго, што Ты загадаў ім. І Ты навёў на іх усё ліха гэтае.
24Вось, валы падыходзяць да гораду, каб здабыць яго, і горад будзе аддадзены ў рукі Халдэйцаў, якія ваююць супраць яго, на пажыву мяча, голаду і заразы. Тое, што Ты прамовіў, зьдяйсьняецца, і, вось, Ты бачыш [гэта]!
25А Ты, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, сказаў мне: "Купі сабе поле за срэбра і пакліч сьведкаў", а горад будзе аддадзены ў рукі Халдэйцаў!”»
26І было слова ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:
27«Вось, Я — ГОСПАД, Бог кожнага цела. Ці можа быць для Мяне нечаканай нейкая справа?
28Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД: “Вось, Я аддам горад гэты ў рукі Халдэйцаў і ў руку Навухаданосара, валадара Бабілонскага, і ён здабудзе яго.
29І ўвойдуць у яго Халдэйцы, якія ваююць супраць гораду гэтага, і падкладуць агонь пад горад гэты, і спаляць яго, і дамы, у якіх складалі ахвяры Баалу на дахах іхніх і вылівалі ахвяры вадкія іншым багам, каб гнявіць Мяне.
30Бо ад маладосьці сваёй сыны Ізраіля і сыны Юды рабілі толькі ліхоту на вачах Маіх, бо сыны Ізраіля толькі гнявілі Мяне ўчынкамі рук сваіх, кажа ГОСПАД.
31Бо прычынай гневу Майго і абурэньня Майго стаўся для Мяне горад гэты ад дня, калі пабудавалі яго, аж да дня сёньняшняга. Я адкіну яго ад аблічча Майго,
32за ўсе злачынствы сыноў Ізраіля і сыноў Юды, якія яны рабілі, каб гнявіць Мяне, яны, валадары іхнія, князі іхнія, сьвятары іхнія і прарокі іхнія, і мужы Юды, і жыхары Ерусаліму.
33І яны павярнуліся да Мяне патыліцаю, а не абліччам, і, хоць Я навучаў іх, устаючы ўначы і навучаючы, але яны не хацелі слухаць, каб прыняць настаўленьне.
34І яны паставілі брыдоты свае ў Доме, над якім клікалі імя Маё, каб зьневажаць яго.
35І яны пабудавалі ўзгоркі для Баала, якія ў даліне Бэн-Гіном, каб праводзіць праз агонь сыноў сваіх і дочак сваіх дзеля Малоха. Я не загадваў ім гэтага, і не прыходзіла на сэрца Маё, каб рабіць такую брыдоту і давесьці Юду да грэху”.
36І цяпер гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля, пра горад гэты, пра які вы кажаце, што ён будзе выдадзены ў рукі валадара Бабілонскага мячом, голадам і заразай:
37“Вось, Я зьбяру іх з усіх земляў, у якія Я выгнаў іх у гневе Маім і ў абурэньні вялікім, і вярну іх на месца гэтае, і дам ім жыць бясьпечна.
38І будуць яны для Мяне народам, а Я буду для іх Богам.
39І дам ім адно сэрца і адзін шлях, каб баяліся Мяне ў-ва ўсе дні, каб добра было ім і сынам іхнім пасьля іх.
40І Я заключу з імі запавет вечны, што не адвярнуся ад іх, каб рабіць дабро ім, і страх Мой укладу ў сэрца іхняе, каб яны не адступаліся ад Мяне.
41І Я буду цешыцца з іх, калі буду рабіць дабро для іх, і пасялю іх у зямлі гэтай у праўдзе, з усяго сэрца Майго і з усёй душы Маёй”.
42Бо гэта кажа ГОСПАД: “Як спаслаў Я на народ гэты ўсякае ліха вялікае, так Я спашлю на народ гэты ўсё дабро, якое абяцаў ім.
43І будуць набываць палі ў зямлі гэтай, пра якую вы кажаце: "Гэта пустэча, без чалавека і бяз быдла, і яна аддадзена ў рукі Халдэйцаў".
44І будуць купляць палі за срэбра, і будуць пісаць дамовы, і запячатваць іх, і клікаць сьведкаў у зямлі Бэн’яміна, у ваколіцах Ерусаліму, у гарадах Юды, у гарадах горных, у гарадах лагчынных і ў гарадах Нэгеву, бо Я вярну палонных іхніх, кажа ГОСПАД”».
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath