ЯРЭМІЯ 28
1І сталася ў той год на пачатку валадараньня Сэдэкіі, валадара Юды, у чацьвёртым годзе, у пятым месяцы сказаў мне Хананія, сын Азура, прарок, які з Гібэону, у Доме ГОСПАДА перад вачыма сьвятароў і ўсяго народу, кажучы:
2«Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Я зламлю ярмо валадара Бабілонскага.
3На працягу двух гадоў Я вярну на месца гэтае ўсё начыньне Дому ГОСПАДА, якое забраў Навухаданосар, валадар Бабілонскі, з месца гэтага, і вывез у Бабілон.
4І Ехонію, сына Егаякіма, валадара Юды, і ўсіх выгнанцаў з Юды, якія пайшлі ў Бабілон, Я прывяду на месца гэтае, кажа ГОСПАД, бо Я зламлю ярмо валадара Бабілонскага».
5І сказаў прарок Ярэмія прароку Хананіі перад вачыма сьвятароў і перад вачыма ўсяго народу, які стаяў у Доме ГОСПАДА.
6І сказаў прарок Ярэмія: «Амэн! Няхай так зробіць ГОСПАД! Няхай ГОСПАД споўніць слова тваё, якое ты прарочыў, вяртаючы начыньне з Дому ГОСПАДА і ўсіх выгнаных у няволю з Бабілону на месца гэтае!
7Паслухай, аднак, слова гэтае, якое я прамаўляю ў вушы твае і ў вушы ўсяго народу.
8Прарокі, якія былі перада мной і перад табой ад вякоў прарочылі супраць земляў шматлікіх і супраць валадарстваў вялікіх, [кажучы] пра вайну, гора і заразу.
9Прарок, які прарочыць пра супакой, калі споўніцца слова прарочае, будзе прызнаны за прарока праўдзівага, якога паслаў ГОСПАД».
10І ўзяў прарок Хананія ярмо з шыі Ярэміі прарока, і паламаў яго.
11І сказаў Хананія перад вачыма ўсяго народу, кажучы: «Гэта кажа ГОСПАД. Гэтаксама Я зламлю ярмо Навухаданосара, валадара Бабілонскага, [якое] на шыі ўсіх народаў, на працягу двух гадоў». І пайшоў Ярэмія прарок сваёй дарогай.
12І было слова ГОСПАДА да Ярэміі пасьля таго, як паламаў прарок Хананія ярмо з шыі Ярэміі прарока, кажучы:
13«Ідзі і скажы Хананіі, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД. Ты паламаў ярмо драўлянае, але Я падрыхтаваў замест яго ярмо жалезнае.
14Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Я ўскладу ярмо жалезнае на шыі ўсіх народаў гэтых, каб яны, служачы, служылі Навухаданосару, валадару Бабілонскаму, і таксама зьвяроў палявых падпарадкую яму”».
15І сказаў прарок Ярэмія прароку Хананіі: «Слухай, Хананія! Не паслаў цябе ГОСПАД, але ты дазволіў народу гэтаму мець надзею на хлусьню.
16Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД: “Вось, Я выкіну цябе з аблічча зямлі. Ты памрэш у гэтым годзе, бо ты абвясьціў бунт супраць ГОСПАДА”».
17І памёр Хананія прарок у гэтым годзе, у сёмым месяцы.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath