ЯРЭМІЯ 24
1ГОСПАД паказаў мне, і вось, два кашы фігаў пастаўлены перад сьвятыняй ГОСПАДА пасьля таго, як Навухаданосар, валадар Бабілонскі, вывеў з Ерусаліму Ехонію, сына Егаякіма, валадара Юды, і рамесьнікаў, і кавалёў, і завёў іх у Бабілон.
2У адным кашы фігі вельмі добрыя, фігі раньнія, а ў другім кашы фігі вельмі кепскія, якія нельга есьці, бо яны сапсутыя.
3І сказаў мне ГОСПАД: «Што ты бачыш, Ярэмія?» І я сказаў: «Фігі. Фігі добрыя, вельмі добрыя, і кепскія, вельмі кепскія, якія нельга есьці, бо яны сапсутыя».
4І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
5«Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Як на гэтыя фігі добрыя, так Я гляджу на выгнанцаў Юды, якіх Я выслаў з месца гэтага ў зямлю Халдэйцаў, дзеля дабра [для іх].
6І Я зьвярну вочы Мае на іх дзеля дабра іхняга, і вярну іх у зямлю гэтую, і адбудую іх, і не зруйную, і пасаджу іх, і ня вырву.
7І дам ім сэрца, каб ведалі Мяне, што Я — ГОСПАД, і яны будуць для Мяне народам, а Я буду для іх Богам, бо яны навернуцца да Мяне ўсім сэрцам сваім.
8І як фігі кепскія, якія нельга есьці, бо яны сапсутыя, кажа ГОСПАД, так Я аддам Сэдэкію, валадара Юды, і князёў ягоных, і рэшту Ерусаліму, тых, якія засталіся ў зямлі гэтай, і жыхароў зямлі Эгіпецкай,
9аддам іх на страхоцьце і на ліхоцьце для ўсіх валадарстваў зямлі, на ганьбу і на показку, на пасьмешышча і на праклён на ўсякім месцы, куды Я выганю іх.
10І Я пашлю на іх меч, голад і пошасьць, пакуль яны ня будуць зьнішчаныя з аблічча зямлі, якую Я даў ім і бацькам іхнім».
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath