Хрысціянства
назад

ЯРЭМІЯ 23

1«Гора пастырам, якія губяць і разганяюць авечак статку Майго, кажа ГОСПАД.

2Дзеля гэтага так кажа ГОС­ПАД, Бог Ізраіля пра пастыраў, якія пасьвяць народ Мой: “Вы расьцярушылі авечак Маіх, і разагналі іх, і ня рупіліся пра іх. Вось, Я наведаю вас за ліхоту ўчынкаў вашых, кажа ГОСПАД.

3І Я зьбяру рэшту авечак Маіх з усіх земляў, у якія Я выгнаў іх, і вярну іх на пашы іхнія, і будуць яны расьці, і памножацца.

4І Я пастаўлю над імі пастыраў, і яны будуць пасьвіць іх; і ня будуць яны больш палохацца і баяцца, і ня будуць загубленыя, кажа ГОСПАД.

5Вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я вырашчу Давіду Парастак праведны, і будзе валадарыць Валадар, і Ён будзе справядлівы, і Ён будзе чыніць суд і праведнасьць на зямлі.

6У дні Ягоныя будзе збаўлены Юда, і Ізраіль будзе жыць бясьпечна. А гэта імя Ягонае, якім назавуць Яго: "ГОСПАД — праведнасьць нашая".

7Дзеля гэтага вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і ня будуць больш казаць: "Як жывы ГОСПАД, Які вывеў сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай!",

8але: "Як жывы ГОСПАД, Які вывеў і прывёў насеньне дому Ізраіля з зямлі паўночнай і з усіх земляў, у якія выгнаў іх, і будуць яны жыць у зямлі сваёй"”».

9Пра прарокаў. «Разрываецца сэрца маё ў нутры маім, дрыжаць усе косткі мае. Я стаўся, як п’яны, як муж, які перапоўнены віном з прычыны ГОСПАДА і сьвятых словаў Ягоных.

10Бо зямля напоўнена чужаложнікамі, бо з прычыны праклёну ў жалобе ўся зямля, высахлі пашы ў пустыні, і хада іхняя сталася ліхой, і сіла іхняя — у няправасьці.

11Бо і прарок, і сьвятар сапсаваныя, і нават у Доме Маім знайшоў Я ліхоту іхнюю, кажа ГОСПАД.

12Дзеля гэтага шлях іхні будзе сьлізкі для іх, у цемры будуць спатыкацца і ўпадуць, бо Я прывяду на іх ліха ў год наведваньня іхняга, кажа ГОСПАД.

13І сярод прарокаў Самарыі Я бачыў бязглуздасьць, яны прарочылі ў [імя] Баала і падманвалі народ Мой, Ізраіля.

14І ў прарокаў Ерусаліму Я бачыў брыдоту, чужалоства і хаджэньне ў хлусьні, яны ўмацоўваюць рукі злачынцаў, каб ніхто не навярнуўся ад ліхоты сваёй. Сталіся яны ўсе для Мяне, як Садом, і жыхары ягоныя, як Гамора.

15Дзеля гэтага так кажа ГОС­ПАД Магуцьцяў пра прарокаў гэтых: “Вось, Я накармлю іх палыном і напаю іх вадою атрутнаю, бо ад прарокаў Ерусалімскіх выйшла бязбожнасьць на ўсю зямлю гэтую”.

16Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Ня слухайце словаў прарокаў, якія прарочаць вам. Яны зводзяць вас; прамаўляюць прыдумкі сэрца свайго, а ня [слова] з вуснаў ГОСПАДА.

17Яны, кажучы, кажуць тым, якія абражаюць Мяне: “Прамовіў ГОСПАД. Будзе мір вам”. І кожнаму, хто ходзіць у зацьвярдзеласьці сэрца свайго, кажуць: “Ня прыйдзе да вас зло”.

18Бо хто стаяў на нарадзе ў ГОСПАДА, і бачыў, і чуў словы Ягоныя? Хто прыслухоўваўся да слова Ягонага і пачуў?

19Вось, бура ад ГОСПАДА, лютасьць выходзіць, і віхор шалее і спадае на галаву бязбожнікаў.

20Ня вернецца гнеў ГОСПАДА, пакуль Ён ня зьдзейсьніць і пакуль ня выканае намераў сэрца Свайго. У апошнія дні зразумееце гэта ў поўні.

21Я не пасылаў прарокаў гэтых, а яны [самі] пабеглі. Я не прамаўляў да іх, а яны прарочаць.

22Калі б яны стаялі на нарадзе Маёй, яны б абвесьцілі словы Мае народу Майму і адвярнулі б іх ад ліхога шляху іхняга і ад ліхоты ўчынкаў іхніх.

23Ці ж Я — Бог, [калі Я] блізка, кажа ГОСПАД, а ня Бог, [калі Я] далёка?

24Калі чалавек схаваецца ў схове, ці ж Я ня ўбачу яго? — кажа ГОСПАД. Ці ж Я не напаўняю неба і зямлю? — кажа ГОСПАД.

25Я чуў, што кажуць прарокі, прарочачы ў імя Маё хлусьню і кажучы: “Меў я сон, меў я сон”.

26Як доўга будзе [гэта] ў сэрцы прарокаў, якія прарочаць хлусьню і праракуюць прыдумкі сэрца свайго?

27Яны задумалі зрабіць, каб праз сны іхнія, якія яны распавядаюць адзін аднаму, народ Мой забыўся на імя Маё, як забыліся бацькі іхнія на імя Маё з прычыны Баала.

28Прарок, які мае сон, няхай распавядае сон, а хто мае слова Маё, той няхай абвяшчае слова Маё праўдзіва! Што [мае] салома з зернем? — кажа ГОСПАД.

29Ці ж словы Мае ня ёсьць, як агонь, кажа ГОСПАД, і быццам молат, які крышыць скалу?

30Дзеля гэтага Я — супраць прарокаў, кажа ГОСПАД, якія крадуць адзін у аднаго слова Маё.

31Вось, Я — супраць прарокаў, кажа ГОСПАД, якія карыстаюцца языком сваім і прарочаць, нібы кажа [Бог].

32Вось, Я — супраць прарокаў са снамі фальшывымі, кажа ГОСПАД, яны распавядаюць іх і падманваюць народ Мой хлусьнёй сваёй і махлярствам сваім. Я не пасылаў іх і не загадваў ім; і няма ад іх карысьці для народу гэтага, кажа ГОСПАД.

33Калі народ гэты, або прарокі, або сьвятар спытаюцца ў цябе, кажучы: “Які цяжар ад ГОСПАДА?”, адкажаш ім: “Вы — цяжар, і Я адкінуў вас, кажа ГОСПАД”.

34І прарока, і сьвятара, і народ гэты, які кажа: “Цяжар ад ГОСПАДА”, Я пакараю, і яго самога, і дом ягоны.

35Гэта будзе казаць кожны бліжняму свайму і кожны брату свайму: “Што адказаў ГОСПАД?”, або: “Што прамовіў ГОСПАД?”

36І ня ўзгадвайце больш пра “цяжар ад ГОСПАДА”, бо [таму, хто кажа так,] станецца цяжарам кожнае слова ягонае, бо вы перакруцілі словы Бога жывога, ГОСПАДА Магуцьцяў, Бога нашага.

37Гэтак скажаш прароку: “Што адказаў табе ГОСПАД?”, і: “Што прамовіў ГОСПАД?”

38А калі вы скажаце “Цяжар ад ГОСПАДА”, тады гэта кажа ГОСПАД: “За тое, што вы кажаце слова гэтае “Цяжар ад ГОСПАДА”, а Я паслаў да вас, кажучы: “Не кажыце: "Цяжар ГОСПАДА"”,

39вось, Я падымаючы, падыму вас і выкіну ад аблічча Майго вас і горад, які Я даў вам і бацькам вашым,

40і аддам вас на сорам вечны і на ганьбу вечную, якая ня будзе забытая”».

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath