ЯРЭМІЯ 11
1Слова, якое было да Ярэміі ад ГОСПАДА, кажучы:
2«Паслухайце словы запавету гэтага і прамоўце іх да мужоў Юды і жыхароў Ерусаліму.
3І ты скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Пракляты чалавек, які ня слухае словаў запавету гэтага,
4якія Я загадаў бацькам вашым у дзень, у які вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, з печы жалезнай, кажучы: "Слухайце голас Мой і рабіце ўсё так, як Я вам загадваю. І вы будзеце народам Маім, а Я буду Богам вашым,
5каб Я споўніў прысягу, якою прысягаў бацькам вашым, што дам ім зямлю, дзе цячэ малако і мёд, якую [маеце] сёньня"”». А я адказаў і сказаў: «Амэн, ГОСПАДЗЕ!»
6І сказаў ГОСПАД мне: «Абвясьці ўсе словы гэтыя ў гарадах Юды і на вуліцах Ерусаліму, кажучы: “Слухайце словы запавету гэтага і выконвайце іх.
7Бо просьбай прасіў Я бацькоў вашых ад дня, калі вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, аж да дня гэтага, ад раніцы ўмольваў іх, кажучы: “Слухайце голас Мой!”
8Але яны ня слухалі і не прыхілілі вуха сваё, і кожны хадзіў паводле закамянеласьці ліхога сэрца свайго. І Я прывёў на іх усе словы запавету гэтага, якія Я загадаў, каб яны рабілі, а яны не рабілі”».
9І сказаў ГОСПАД мне: «Выяўлена змова сярод мужоў Юды і жыхароў Ерусаліму.
10Яны вярнуліся да беззаконьня бацькоў сваіх даўнейшых, якія не хацелі слухаць словаў Маіх, і яны пайшлі да багоў чужых, каб служыць ім. Дом Ізраіля і дом Юды зламалі запавет Мой, які Я заключыў з бацькамі іхнімі.
11Дзеля гэтага так кажа Госпад: “Я навяду на іх ліха, з якога яны ня змогуць выйсьці, і яны будуць клікаць да Мяне, але Я ня выслухаю іх”.
12І пойдуць гарады Юды і жыхары Ерусаліму, і будуць клікаць багоў, якім яны кадзілі, але яны ня выратуюць іх у час бяды.
13Бо паводле ліку гарадоў тваіх, Юда, былі богі твае, і паводле ліку вуліцаў у Ерусаліме вы паставілі ахвярнікі на ганьбу, ахвярнікі, каб кадзіць Баалу.
14А ты не маліся за народ гэты і не прынось за іх просьбы і малітвы, бо Я ня выслухаю іх у час, калі яны будуць клікаць Мяне ў горы іхнім.
15Навошта каханай Маёй у доме Маім зьдзяйсьняць намеры ліхія з многімі? Ці ж мяса пасьвячонае ўхіліць ад цябе гора тваё і тады ты будзеш радавацца?
16Зялёнай аліўкай з прыгожымі пладамі назваў ГОСПАД імя тваё. Але з гукам вялікага шуму загарэўся над ёй агонь і былі паламаныя галіны ейныя.
17І ГОСПАД Магуцьцяў, Які пасадзіў цябе, прадказаў табе бяду дзеля ліхоцьцяў дому Ізраіля і дому Юды, якія рабілі яны, каб гнявіць Мяне, каб кадзіць Баалу.
18І ГОСПАД даў даведацца мне, і я даведаўся, і тады Ты выявіў мне ўчынкі іхнія.
19І я быў быццам ягнятка ціхае, якога вядуць на зарэз, і ня ведаў, што супраць мяне яны задумалі думкі [ліхія]: “Зьнішчым дрэва з пладамі і сьсячэм яго з зямлі жывых. Няхай імя ягонае ня ўзгадваецца болей”.
20Але ГОСПАД Магуцьцяў судзіць праведна і даследуе ныркі і сэрца. Няхай я ўбачу помсту Тваю над імі, бо Табе я выявіў справу маю.
21Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД пра людзей з Анатоту, якія шукаюць душу тваю, кажучы: “Не прароч у імя ГОСПАДА, і не памрэш ад рукі нашай”.
22Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Вось, Я наведаю іх. Юнакі іхнія памруць ад мяча, а сыны іхнія і дочкі іхнія памруць з голаду.
23Ніхто з іх не застанецца, бо Я навяду ліха на людзей з Анатоту ў год наведваньня іхняга”.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath