Хрысціянства
назад

СУДЗЬДЗЯЎ 3

1Гэта народы, якія ГОСПАД пакінуў, каб праз іх выспрабаваць Ізраіля, усіх, якія ня ведалі ўсіх войнаў з Хананейцамі,

2каб навучыліся наступныя пакаленьні сыноў Ізраіля змагацца з ворагамі, бо яны ня ведалі войнаў:

3пяць валадароў Філістынскіх, і ўсе Хананейцы, Сідонцы і Хівеі, што жылі ў гарах Лібану, ад гары Баал-Гермон аж да ўваходу ў Хамат.

4Засталіся яны, каб праз іх выспрабаваць Ізраіля, ці будзе ён слухацца прыказаньняў ГОСПАДА, якія загадаў Ён бацькам іхнім праз Майсея.

5І сыны Ізраіля жылі паміж Хананейцаў, Хетаў, Амарэйцаў, Пэрэзэяў, Хівеяў і Евусэяў.

6І бралі яны за жонак дачок іхніх, і дочкі свае аддавалі сынам іхнім, і служылі багам іхнім.

7І чынілі сыны Ізраіля ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і забыліся пра ГОСПАДА, Бога свайго, служачы Баалу і Астарце.

8І разгневаўся ГОСПАД на Ізраіля, і аддаў іх у рукі Кушан-Рышатаіма, валадара Арам-Нагараіму, і служылі сыны Ізраіля яму восем гадоў.

9І клікалі сыны Ізраіля ГОСПАДА, і ГОСПАД паставіў ім збаўцу з сыноў Ізраіля, і выратаваў іх Атніэль, сын Кеназа, малодшы брат Халева.

10І быў на ім Дух ГОСПАДА, і судзіў ён Ізраіля. І ваяваў ён, і аддаў ГОСПАД у рукі ягоныя Кушан-Рышатаіма, валадара Арам-Нагараіму, і перамагла рука ягоная Кушан-Рышатаіма.

11І адпачывала зямля сорак гадоў. І памёр Атніэль, сын Кеназа.

12І сыны Ізраіля ізноў пачалі чыніць ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і Ён умацаваў супраць іх Эглона, валадара Мааву, за ліхоту, якой дапускаліся яны ў вачах ГОСПАДА.

13І далучыў Эглон да сябе сыноў Амона і сыноў Амалека, і пайшоў, і захапіў Ізраіль, і заняў горад Пальмаў.

14І сыны Ізраіля служылі Эглону, валадару Мааву, васемнаццаць гадоў.

15І клікалі сыны Ізраіля ГОСПАДА, і Ён даў ім збаўцу Эгуда, сына Гера, сына Бэн’яміна, які замест правай [карыстаўся левай] рукой. І сыны Ізраіля паслалі праз яго дары Эглону, валадару Мааву.

16Эгуд зрабіў сабе меч двусечны, даўжынёю ў локаць, і схаваў яго пад адзеньнем сваім на правым баку.

17І склаў ён падарункі Эглону, валадару Мааву. Эглон жа быў вельмі тоўсты.

18Калі [Эгуд] даў яму дары, адпусьціў людзей, якія іх прынесьлі,

19і, вярнуўшыся з Гільгалу, дзе былі ідалы, сказаў [валадару]: «Валадару, маю для цябе таемнае слова». Той загадаў маўчаць, і выйшлі ўсе, якія пры ім былі.

20Эгуд падыйшоў да яго; а той сядзеў у летнім пакоі, які займаў сам. Эгуд сказаў: «Слова ад Бога маю сказаць табе». Той падняўся з пасаду.

21Тады Эгуд выцягнуў левую руку, і схапіў меч на правым баку сваім, і пырнуў ім у жывот ягоны,

22і чарано ўвайшло ў нутро і засела ў тлушчы; і [Эгуд] ня выцягнуў меч з жывата ягонага, і пакінуў яго.

23І выйшаў Эгуд праз ганак, і замкнуў за сабою дзьверы пакоя на рыгель.

24І ён выйшаў, і прыйшлі слугі [валадара], і калі ўбачылі замкнутыя дзьверы пакоя, сказалі: «Напэўна, накрыў ногі свае ў летнім пакоі».

25І чакалі доўга, аж стрывожыліся, і ніхто не адчыняў дзьверы летняга пакою, і ўзялі ключы, і адчынілі, і вось, гаспадар іхні, які ляжаў на зямлі мёртвы.

26Пакуль яны чакалі, Эгуд уцёк, і прайшоўшы каля ідалаў, прыйшоў у Цэйрату.

27І прыйшоў, і затрубіў у рог на гары Эфраіма. І сыны Ізраіля зыйшлі з ім з гары, і ён ішоў на чале іх.

28І сказаў ён ім: «Хадземце за мною, бо ГОСПАД выдаў ворагаў вашых, Мааўлянаў, у рукі вашыя». Яны пайшлі за ім, і занялі броды на Ярдане, якімі пераходзяць у Мааў, і не дазволілі нікому перайсьці.

29І ў гэты час выбілі яны каля дзесяці тысячаў Мааўлянаў, а былі яны ўсе дужыя і моцныя. І ніводзін з іх ня ўцёк.

30І ўпакораныя былі ў той дзень Мааўляне рукою Ізраіля, і восемдзясят гадоў зямля жыла спакойна.

31Пасьля яго быў Шамгар, сын Аната. Ён пабіў Філістынцаў шэсьцьсот чалавек кіем для быдла. Ён таксама збавіў Ізраіля.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath