Хрысціянства
назад

СУДЗЬДЗЯЎ 13

1Сыны Ізраіля зноў пачалі рабіць ліхоту ў вачах ГОСПАДА. І ГОСПАД аддаў іх на сорак гадоў у рукі Філістынцаў.

2У Цоры быў нейкі чалавек з пакаленьня Дана на імя Маноах, які меў жонку няплодную.

3І зьявіўся анёл ГОСПАДА той жанчыне, і сказаў: «Хоць ты няплодная і бязьдзетная, але зачнеш і народзіш сына.

4Сьцеражыся, ня пі ані віна, ані сікеры, і нічога нячыстага ня еш,

5бо зачнеш і народзіш сына, галавы якога не кранецца лязо. Ён будзе назірам Божым ад улоньня маці. Ён пачне выратоўваць Ізраіль з рук Філістынцаў».

6Яна прыйшла да мужа і сказала яму: «Чалавек Божы прыходзіў да мяне, аблічча якога было як анёла ГОСПАДА, поўнае велічы. Не пытала я яго, адкуль ён, і не назваў ён мне імя свайго.

7Ён сказаў мне: “Неўзабаве зачнеш і народзіш сына. Сьцеражыся, ня пі ані віна, ані сікеры, і нічога нячыстага ня еш, бо хлопец будзе назірам Божым ад улоньня маці аж да дня сьмерці сваёй”».

8І маліўся Маноах да ГОСПАДА, і казаў: «Прашу Цябе, Госпадзе, няхай чалавек Божы, якога Ты паслаў, прыйдзе зноў і навучыць нас, што мы павінны рабіць з юнаком, які мае нарадзіцца?»

9І выслухаў ГОСПАД, што прасіў Маноах, і зьявіўся зноў анёл Божы жанчыне, якая сядзела ў полі, а мужа ейнага, Маноаха, не было разам з ёю.

10І пасьпяшалася яна, і прыбегла да мужа свайго, і паведаміла яму: «Вось, зьявіўся мне той чалавек, які тады быў прыйшоўшы да мяне».

11Ён устаў і пайшоў за жонкай сваёй, і падыйшоў да чалавека таго, і сказаў яму: «Ці ты той, які размаўляў з жонкай маёй?» А ён сказаў: «Я».

12І сказаў яму Маноах: «Калі споўніцца слова тваё, як нам сябе паводзіць з хлопцам і што маем рабіць?»

13І сказаў Маноаху анёл ГОСПАДА: «Няхай усяго таго, што я сказаў жонцы тваёй, яна сьцеражэцца.

14Няхай ня есьць нічога, што з вінаграду паходзіць, няхай ня п’е ані віна, ані сікеры, няхай нічога ня есьць нячыстага, але няхай тое, што я загадаў, выконвае».

15І сказаў Маноах анёлу ГОСПАДА: «Дазволь затрымаць цябе, пакуль прыгатуем страву для цябе з казьляняці».

16Анёл ГОСПАДА адказаў яму: «Калі ты мяне затрымаеш, я ня буду есьці хлеба твайго. А калі хочаш падрыхта­ваць цэласпаленьне, ахвяруй яго ГОСПАДУ». Бо Маноах ня ведаў, што гэта анёл ГОСПАДА.

17Маноах спытаўся ў анёла: «Якое імя тваё, і калі слова тваё споўніцца, як ушанаваць цябе?»

18Анёл сказаў яму: «Навошта ты пытаешся пра імя маё, яно таямнічае».

19І прынёс Маноах казьляня і ахвяру хлебную, і паклаў на скале, ахвяруючы ГОСПАДУ, Які творыць цуды. І глядзелі на гэта Маноах і жонка ягоная.

20І калі полымя паднялося з ахвярніка ў неба, таксама анёл ГОСПАДА падняўся ў полымі. Калі гэта ўбачылі Маноах і жонка ягоная, упалі на абліччы свае на зямлю.

21І ўжо болей ня бачылі яны анёла ГОСПАДА. І зразумеў Маноах, што гэта анёл ГОСПАДА,

22і сказаў жонцы сваёй: «Хіба мы памром, бо мы бачылі Бога».

23І сказала яму жонка: «Калі б ГОСПАД хацеў нас забіць, Ён не прыняў бы з рук нашых цэласпаленьня і ахвяры хлебнай, і ня даў бы ба­чыць нам усяго гэтага, і не сказаў бы нам усіх словаў гэтых».

24І нарадзіла яна сына, і назвала яго імем Самсон. І хлопец рос, і дабраслаўляў яго ГОСПАД.

25І Дух ГОСПАДА пачаў зыходзіць на яго ў табары Дана між Цораю і Эштаолам.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath