ЯКУБА 5
1Паслухайце цяпер вы, багатыя! Галасіце і плачце дзеля няшчасьцяў вашых, якія прыходзяць!
2Багацьце вашае згніло, і шаты вашыя моль стачыла.
3Золата вашае і срэбра паржавела, і іржа іхняя сьведчыць супраць вас і зьесьць цела вашае, як агонь. Вы сабралі сабе скарб на апошнія дні.
4Вось плата, якой вы пазбавілі работнікаў, што пажалі палі вашыя, кліча, і лямант жняцоў дайшоў да вушэй Госпада Магуцьцяў.
5Вы мелі раскошу на зямлі і жылі ў распусьце; вы насыцілі сэрцы вашыя, быццам на дзень, калі будзеце на зарэз.
6Вы асудзілі, забілі Праведнага; Ён не супрацьстаў вам.
7Дык будзьце доўгацярплівымі, браты, да прыйсьця Госпада. Вось, земляроб чакае каштоўнага плоду зямлі, і дзеля яго доўгацярплівы, аж пакуль атрымае дождж раньні і позьні.
8Будзьце доўгацярплівымі і вы, умацуйце сэрцы вашыя, бо прыйсьце Госпада набліжаецца.
9Не наракайце, браты мае, адзін на аднаго, каб ня быць асуджанымі. Вось, Судзьдзя стаіць перад дзьвярыма.
10За прыклад злыбедаў і доўгацярплівасьці вазьміце, браты мае, прарокаў, якія гаварылі ў імя Госпада.
11Вось, мы шчасьлівымі называем тых, якія вытрывалі. Вы чулі пра цярплівасьць Ёва і ведаеце канец [яго] ад Госпада, бо Госпад вельмі спагадлівы і міласэрны.
12Дык перш за ўсё, браты мае, не прысягайцеся ані небам, ані зямлёю, ані якою другою прысягаю, але няхай будзе ў вас «Так, так» і «Не, не», каб вам не патрапіць пад суд.
13Мае злыбеды нехта з вас? Няхай моліцца. Бадзёры хто? Няхай псальмы сьпявае.
14Захварэў хто з вас? Няхай пакліча старостаў царквы, і няхай тыя памоляцца над ім, памазаўшы яго алеем у імя Госпада,
15і малітва веры збавіць нямоглага, і Госпад падыме яго; і калі ён грахі ўчыніў, будзе адпушчана яму.
16Вызнавайце адзін аднаму грахі і маліцеся адзін за аднаго, каб быць аздароўленымі. Шмат можа настойлівая просьба праведніка!
17Ільля быў чалавек, падобны да нас, і малітваю памаліўся, каб не ішоў дождж, і не ішоў дождж на зямлю тры гады і шэсьць месяцаў.
18І ізноў памаліўся, і неба дало дождж, і зямля ўзрасьціла плод свой.
19Браты, калі хто з вас ухіліўся ад праўды, і нехта наверне яго,
20няхай ведае, што той, які навярнуў грэшніка з памылковага шляху ягонага, збавіць душу [ягоную] ад сьмерці і прыкрые мноства грахоў.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath