ІСАЯ 62
1Дзеля Сыёну ня буду маўчаць, і дзеля Ерусаліму не супачыну, пакуль ня ўзыйдзе, як бляск [зараніцы], праведнасьць ягоная, і збаўленьне ягонае — як паходня, што палае.
2І ўбачаць народы праведнасьць тваю, і ўсе валадары — славу тваю, і назавуць цябе імем новым, якое вызначаць вусны ГОСПАДА.
3І ты станеш каронай славы ў руцэ ГОСПАДА і дыядэмай валадарства ў далоні Бога твайго.
4І ня будуць больш казаць пра цябе “пакінутая”, і пра зямлю тваю ня будуць больш казаць “спустошаная”, бо назавуць цябе “Маё ўпадабаньне ў ёй”, а зямлю тваю — “замужняя”, бо ўпадабаў цябе ГОСПАД, і зямля твая будзе замужам.
5Бо як юнак жэніцца з дзяўчынаю, так Будаўнік твой ажэніцца з табою, і як жаніх цешыцца з нявесты, так будзе цешыцца з цябе Бог твой.
6На мурах тваіх, Ерусалім, Я паставіў вартаўнікоў, увесь дзень і ўсю ноч яны ніколі ня будуць маўчаць. Вы, якія нагадваеце пра ГОСПАДА, ня мейце супакою,
7і Яму не давайце супакою, пакуль Ён не адновіць Ерусалім і пакуль ня зробіць яго хвалою на зямлі.
8Прысягнуў ГОСПАД правіцай Сваёй і рамяном моцы Сваёй: «Ня дам больш збожжа твайго ворагам тваім, і ня будуць піць сыны чужынцаў маладога віна твайго, над якім ты працаваў.
9Бо тыя, якія зьбіраюць [збожжа], будуць есьці яго і будуць хваліць ГОСПАДА, і тыя, якія зьбіраюць [вінаград], будуць піць яго на панадворку сьвятыні Маёй».
10Праходзьце, праходзьце праз браму! Рыхтуйце шлях народу! Прастуйце, прастуйце гасьцінец, прыбярыце камяні! Падыміце сьцяг для народаў!
11Вось, ГОСПАД абвяшчае аж да краю зямлі: «Скажыце дачцы Сыёну: “Вось, прыходзіць Збаўца твой, вось, плата Ягоная разам з Ім і нагарода Ягоная перад абліччам Ягоным”».
12І будуць называць іх народам сьвятым, адкупленымі ГОСПАДАМ, а цябе будуць клікаць “Пажаданая”, “Горад непакінуты”.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath