ІСАЯ 59
1Вось, рука ГОСПАДА не скарацілася, каб не магла дапамагчы, і вуха Ягонае ня стала цяжкім, каб ня чуць.
2Бо беззаконьні вашыя аддзялілі вас ад Бога вашага, і грахі вашыя схавалі аблічча Ягонае ад вас, каб Ён [вас] ня чуў.
3Бо далоні вашыя заплямленыя крывёю, а пальцы вашыя — беззаконьнем, вусны вашыя прамаўляюць хлусьню, язык ваш мармыча ліхое.
4Няма [нікога], хто кліча пра праведнасьць, няма [нікога], хто судзіць справядліва. Спадзяюцца на пустое і гавораць марнае, зачынаюць гора і нараджаюць злачынства.
5Выседжваюць яйкі гадзючыя і ткуць павуціньне; хто зьесьць яйкі іхнія, памірае, а з разьбітага [яйка] вылазіць гадзіна.
6Павуціньне іхняе не прыдасцца на адзеньне, і нельга апрануцца ў вырабы іхнія; учынкі іхнія — учынкі злачынныя, і справа гвалту ў далонях іхніх.
7Ногі іхнія бягуць да ліхоты і сьпяшаюцца, каб праліць кроў нявінную; думкі іхнія — думкі злачынныя, спусташэньне і загуба на дарогах іхніх.
8Ня ведаюць яны шляху супакою, няма суду на сьцежках іхніх, яны скрывілі шляхі свае; кожны, хто ходзіць па іх, ня ведае супакою.
9Дзеля гэтага суд аддаліўся ад нас, і не даходзіць да нас праведнасьць; чакаем сьвятла, а вось, цемра, і [чакаем] яснасьці, а ходзім у змроку.
10Як сьляпыя, мацаем сьцены, і як без вачэй, навобмацак ходзім, спатыкаемся апоўдні, быццам у поцемках, поўныя сілаў, а быццам мёртвыя.
11Усе мы рыкаем, быццам мядзьведзі, і як галубы стогнем. Чакаем суду, а яго няма, і збаўленьня, але яно далёка ад нас.
12Бо памножыліся правіны нашыя перад Табою, і грахі нашыя сьведчаць супраць нас; бо правіны нашыя з намі, і беззаконьні нашыя мы ведаем.
13Мы бунтуемся і хлусім супраць ГОСПАДА, і адступіліся ад Бога нашага; гаворым пра прыгнёт і здраду, падманваем і нараджаем у сэрцы словы фальшывыя,
14І адступіўся назад суд, і праведнасьць стаіць здалёк, спатыкнулася праўда на плошчы, і справядлівасьць ня можа ўвайсьці.
15І сталася, што праўда зьнікла, і той, хто ўцякае ад ліхоты, абрабаваны. І ўбачыў [гэта] ГОСПАД, і ліхім [было] ў вачах Ягоных, што няма суду.
16І бачыў Ён, што няма чалавека, і дзівіўся, што няма заступніка. І рамяно Ягонае дапамагло Яму, і праведнасьць Ягоная падтрымала Яго.
17Ён апрануў праведнасьць, як панцыр, і шалом збаўленьня на галаве Ягонай, Ён апрануў шаты помсты, і руплівасьць, быццам плашч, накінуў.
18Паводле ўчынкаў Ён адплоціць супраціўнікам Сваім гневам, ворагам Сваім — помстай, і адплоціць помстай астравам.
19І будуць баяцца імя ГОСПАДА на захадзе, і славы Ягонай — на ўсходзе сонца, бо Ён прыйдзе, як рака бурлівая, якую вецер ГОСПАДА гоніць.
20І прыйдзе Адкупіцель на Сыён і да [сыноў] Якуба, якія адвярнуліся ад злачынстваў [сваіх], кажа ГОСПАД.
21І вось запавет Мой з імі, кажа ГОСПАД: Дух Мой, які на табе, і словы Мае, якія Я ўклаў у вусны твае, не адыйдуць ад вуснаў тваіх і ад вуснаў насеньня твайго, і ад вуснаў насеньня насеньня твайго, кажа ГОСПАД, ад цяпер і на вякі.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath