Хрысціянства
назад

ІСАЯ 54

1Радуйся, няплодная, якая не нараджала, галасі радасна і весяліся ты, якая не спазнала родаў, бо больш сыноў у кінутай, чым сыноў у замужняй, кажа ГОСПАД.

2Пашыр месца намёту твайго, расьцягні пакрыцьці жытла твайго, ня стрымлівай сябе, папусьці даўжэй вяроўкі твае, умацуй калкі твае.

3Бо ты пашырышся направа і налева, і насеньне тваё возьме ў спадчыну народы і заселіць гарады спустошаныя.

4Ня бойся, бо не дазнаеш сораму, і не чырваней, бо ня будзеш у ганьбе, бо забудзешся пра сорам маладосьці тваёй і ня будзеш больш памятаць пра ганьбу ўдаўства твайго.

5Бо Той, Які ўзяў за жонку цябе — [ гэта] Той, Які зрабіў цябе. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае, і Адкупіцель твой — Сьвяты Ізраіля, Яго называюць Богам усёй зямлі.

6Бо, як жанчыну кінутую і засмучаную духам, паклікаў цябе ГОСПАД, і як да пакінутай жонкі маладосьці кажа Бог твой.

7На хвіліну малую Я пакінуў цябе, але з літасьцю вялікай прыму цябе.

8У запале гневу Я схаваў на хвіліну аблічча Маё ад цябе, але ў міласэрнасьці вечнай пашкадаваў цябе, кажа Адкупіцель твой, ГОСПАД.

9Як воды Ноя гэта для Мяне. Калі Я прысягнуў яму, што ня прыйдуць больш воды Ноя на зямлю, так прысягаю і табе, што ня буду гневацца на цябе і дакараць цябе.

10Бо горы зрушацца і ўзгоркі захістаюцца, але міласэр­насьць Мая не адыйдзе ад цябе, і запавет супакою Майго не пахісьнецца, кажа ГОСПАД, Які літуецца над табою.

11Няшчасная, кіданая бурамі, без пацяшэньня! Вось, Я пакладу на малахіце камяні твае і падмуркі твае — на шафірах.

12І Я зраблю вокны твае з рубінаў, а брамы твае — з камянёў гранату, а ўсю агароджу тваю — з камянёў каштоўных.

13І ўсе сыны твае [стануць] вучнямі ГОСПАДА, і вялікі супакой [дам] сынам тваім.

14І будзеш ты ўмацаваная ў праведнасьці, і будзеш далёкая ад уціску, бо ня будзеш баяцца, і [далёкая] ад страху, бо ён не наблізіцца да цябе.

15Калі прыйдзе навала на цябе, гэта [будзе] не ад Мяне, і той, хто на цябе нападзе, упа­дзе перад табою.

16Вось, Я стварыў каваля, які дзьме на жар агню і выцягвае з яго прылады для працы сваёй. І Я стварыў нішчыцеля, каб пустошыць.

17Усякая прылада, вырабленая супраць цябе, ня будзе мець посьпеху, і кожны язык, які стане супраць цябе ў судзе, ты асудзіш. Гэта — спадчына слугаў ГОСПАДА, і праведнасьць іхняя — ад Мяне, кажа ГОСПАД.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath