ІСАЯ 45
1Гэта кажа ГОСПАД да памазанца Свайго Кіра: «Я моцна трымаю цябе за правую руку тваю, каб скарыць перад абліччам тваім народы і зьняць паясы са сьцёгнаў валадароў, каб адчыніць перад абліччам тваім дзьверы і каб брамы не былі зачынены.
2Я пайду перад абліччам тваім, і зраўняю ўзвышанае, і дзьверы мядзяныя разаб’ю, і засаўкі жалезныя паламаю.
3І дам табе скарбы, якія ў цемры, і багацьці схаваныя, каб ты ведаў, што Я — ГОСПАД, Які паклікаў цябе імем тваім, Бог Ізраіля.
4Дзеля слугі Майго Якуба і дзеля Ізраіля, выбранца Майго, Я назваў цябе імем тваім, вызначыў цябе, хоць ты ня ведаеш Мяне.
5Я — ГОСПАД, і няма іншага. Акрамя Мяне няма Бога. Я падперазаў цябе, хоць ты ня ведаеш Мяне,
6каб ведалі ад усходу сонца аж да захаду, што акрамя Мяне няма нічога. Я — ГОСПАД, і няма іншага.
7Я ўкшталтаваў сьвятло і стварыў цемру, раблю мір і ствараю ліхоту. Я — ГОСПАД, Які робіць усё гэта».
8Крапіце, нябёсы, з гары, і з хмараў няхай ліецца праведнасьць, няхай раскрыецца зямля і вырасьціць збаўленьне; і няхай праведнасьць вырасьце разам [з ім]. Я, ГОСПАД, стварыў гэта.
9Гора таму, хто спрачаецца з Творцам сваім, чарапок паміж чарапкоў зямных! Ці кажа гліна ганчару: «Што ты робіш?», або ці кажа выраб [майстру]: «Ты ня маеш рук»?
10Гора таму, хто кажа бацьку: «Навошта ты нарадзіў [мяне]?», або маці: «Навошта ты нарадзіла [мяне]?»
11Гэта кажа ГОСПАД, Сьвяты Ізраіля і Творца ягоны: «Вы пытаеце Мяне пра будучыню сыноў Маіх і загадваеце Мне пра творы рук Маіх?
12Я зрабіў зямлю, і чалавека на ёй Я стварыў, рукі Мае расьцягнулі неба, і Я загадваў усяму войску ягонаму.
13Я падняў яго ў праведнасьці і ўсе шляхі ягоныя раўняю. Ён адбудуе горад Мой і вызваліць палонных Маіх, бяз выкупу і без аднагараджэньня, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
14Гэта кажа ГОСПАД: «Праца Эгіпту і прыбытак Кушу, і Савейцы, людзі высокія, пяройдуць да цябе і будуць тваімі; яны пойдуць за табой, пойдуць у кайданах, будуць пакланяцца табе і ўмольваць цябе: “Толькі ў цябе ёсьць Бог, і няма іншага”».
15Сапраўды, Ты — Бог таямнічы, Бог Ізраіля, Збаўца!
16Зьніякавеюць і асаромяцца ўсе разам, і пойдуць у ганьбе тыя, якія робяць выявы [ідалаў].
17Ізраіль будзе збаўлены ГОСПАДАМ збаўленьнем вечным. Ня будзеце вы асаромленыя і ня будзеце зьняважаныя на вякі вечныя.
18Бо гэта кажа ГОСПАД, Творца неба, Ён — Бог, Які ўкшталтаваў зямлю і зрабіў яе, Ён умацаваў яе, Ён стварыў яе, каб не была пустэчай, але ўкшталтаваў яе для пражываньня: «Я — ГОСПАД, і няма іншага».
19Не прамаўляў Я патаемна ў цёмным закутку зямлі, не казаў Я насеньню Якуба: «Дарэмна вы шукаеце Мяне». Я — ГОСПАД, Які гаворыць пра праведнасьць, абвяшчае справядлівасьць.
20Зьбярыцеся і прыходзьце, наблізьцеся разам, выратаваныя з народаў. Ня ведаюць [нічога] тыя, якія носяць драўлянага ідала свайго і моляцца да бога, які ня можа збавіць.
21Распавядзіце і наблізьцеся, і будзем радзіцца разам. Хто расказаў пра гэта здаўна, і хто распавёў пра гэта раней? Ці ж ня Я, ГОСПАД? Бо няма іншага Бога акрамя Мяне, Бога праведнага і Таго, Хто збаўляе. Няма іншага апрача Мяне.
22Павярніцеся да Мяне і будзеце збаўленыя, усе канцы зямлі, бо Я — Бог, і няма іншага.
23Я прысягнуў на Самога Сябе, з вуснаў Маіх выйшла праведнасьць, слова, якое не вяртаецца, бо перада Мною схіліцца кожнае калена і [Мною] будзе прысягаць кожны язык.
24«Толькі ў ГОСПАДЗЕ, — скажуць пра Мяне, — праведнасьць і сіла! Да Яго прыйдуць і будуць асаромлены ўсе, якія працівяцца Яму».
25У ГОСПАДЗЕ будзе апраўдана і ўслаўлена ўсё насеньне Ізраіля.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath