ІСАЯ 2
1Слова, якое бачыў Ісая, сын Амоса, пра Юду і Ерусалім.
2І станецца ў апошнія дні, што гара Дому ГОСПАДА ўзвысіцца па-над усе горы і ўздымецца над узгоркамі, і пасьпяшаюцца да яе ўсе народы.
3І пойдуць народы шматлікія, і скажуць: «Хадземце, узыйдзем на гару ГОСПАДА і ў Дом Бога Якубавага, і няхай Ён навучыць нас шляхам Сваім, і будзем хадзіць па сьцежках Ягоных, бо з Сыёну выйдзе Закон, і слова ГОСПАДА — з Ерусаліму».
4І Ён будзе судзіць народы і вінаваціць многіх людзей. І перакуюць яны мячы свае на плугі, а дзіды — на сярпы. Не падыме народ на народ меч, і ня будуць больш вучыцца ваяваць.
5Доме Якуба! Хадземце і будзем хадзіць у сьвятле ГОСПАДА.
6Ты адкінуў народ Твой, дом Якуба, бо яны напоўнены [тым, што прынялі] з усходу, і варажбітамі, як Філістынцы; і з сынамі чужынцаў яны ў згодзе.
7І напоўнілася зямля ягоная срэбрам і золатам, і няма канца скарбам ягоным, і напоўнілася зямля ягоная коньмі, і няма канца калясьніцам ягоным.
8І напоўнілася зямля ягоная ідаламі, і ён пакланяецца творам рук сваіх, таму, што зрабілі пальцы ягоныя.
9І пахіліўся чалавек, і прынізіўся кожны, і Ты не даруй ім.
10Увайдзі ў скалу, схавайся ў парахне ад страху перад ГОСПАДАМ, перад бляскам велічы Ягонай.
11Пыхлівыя вочы чалавека спакорацца, і ўзьвялічваньне чалавека будзе паніжана. Толькі ГОСПАД будзе ўзвышаны ў той дзень.
12Бо дзень ГОСПАДА Магуцьцяў [прыйдзе] на ўсё ганарыстае і пыхлівае, і на ўсіх пыхліўцаў, каб упакорыліся,
13і на ўсе кедры Лібану, гонкія і ўзьнёслыя, і на ўсе дубы Башану,
14і на ўсе горы высокія, і на ўсе ўзгоркі ўзьнесеныя,
15і на ўсе вежы высачэзныя, і на ўсе муры ўмацаваныя,
16і на ўсе караблі Таршышу, і на ўсе ўпрыгожваньні пажаданыя.
17І будзе паніжана пыхлівасьць чалавека, і будзе спакорана ўзьвялічваньне людзей. Толькі ГОСПАД будзе ўзвышаны ў той дзень,
18і ідалы цалкам зьнікнуць.
19І ўвойдуць у пячоры ў скале і ў ямы ў парахне ад страху перад ГОСПАДАМ і перад бляскам велічы Ягонай, калі Ён паўстане, каб напоўніць страхам зямлю.
20У той дзень выкіне чалавек кратам і кажанам ідалаў сваіх срэбных і ідалаў сваіх залатых, якія зрабіў сабе, каб пакланяцца ім,
21і ўвойдзе ў пячоры і шчыліны скалаў ад страху перад ГОСПАДАМ і перад бляскам велічы Ягонай, калі Ён паўстане, каб напоўніць страхам зямлю.
22Пакіньце [спадзявацца] на чалавека, у якога дыханьне ў ноздрах ягоных, бо што ён варты?
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath