Хрысціянства
назад

ІСАЯ 29

1Гора [табе], Арыэль, Арыэль, горад, у якім разлажыўся табарам Давід! Дадайце год да году, і ўрачыстасьці няхай скончаць свой кругабег.

2І Я прыцісну Арыэля, і станецца смутак і стогн, і ён станецца для Мяне як вогнішча Божае.

3І Я разлажу табар супраць цябе, атачу цябе валам, і пастаўлю супраць цябе вежы.

4І ты будзеш паніжаны, з зямлі будзеш гаварыць, з пылу будуць гучаць словы твае, і будзе голас твой нібы пішчаньне з зямлі, і словы твае з пылу [будуць] як мармытаньне.

5І будзе як дробны пыл мноства ворагаў тваіх, і мноства крыўдзіцеляў тваіх — як рассыпаная мякіна. І станецца гэта раптоўна, неспадзявана.

6І наведае цябе ГОСПАД Магуцьцяў грымотамі, землятрусамі, гукам вялікім, бураю, віхураю і полымем агню зьнішчальнага.

7І будзе як сон, [як] відзеж начны, мноства ўсіх народаў, якія ваююць супраць Арыэля, і ўсе, якія ваююць супраць яго і супраць цьвярдыні ягонай і якія прыгнятаюць яго.

8І будзе так, як галодны сьніць, што ён есьць, і будзіцца, і пустая душа ягоная, і як сьніць засьмягшы, што п’е, і будзіцца, і вось, ён змучаны і засьмягшая душа ягоная. Так будзе з мноствам усіх народаў, якія ваю­юць супраць гары Сыён.

9Аслупянейце і зьдзівіцеся, заляпіце сабе [вочы] і будзьце сьляпымі, ап’янейце, але не ад віна, хістайцеся, але не ад сікеры.

10Бо выліў на вас ГОСПАД духа сну, заплюшчыў вочы вашыя, і прарокаў, і галоваў вашых, і відушчых зацемрыў.

11І будзе для вас кожны відзеж як словы кнігі запячатанай, якую даюць таму, які ўмее чытаць, кажучы: «Чытай яе», а той кажа: «Не магу, бо яна запячатаная».

12І даюць кнігу гэтую таму, які ня ўмее чытаць, кажучы: «Чытай яе!», а ён кажа: «Я ня ўмею чытаць».

13І сказаў Госпад: «За тое, што народ гэты набліжаецца да Мяне [толькі] вуснамі сваімі і славіць Мяне губамі сваімі, а сэрца ягонае далёка ад Мяне, і страх іхні перада Мною — [толькі] прыказаньне чалавечае, якое вывучылі яны,

14таму вось, Я зноў учыню дзіўнае з народам гэтым, робячы цуды і дзівосы. І загіне мудрасьць мудрацоў іхніх, і разумнасьць разумных іхніх зьнікне».

15Гора тым, якія глыбока хаваюць намеры свае перад ГОСПАДАМ, і ўчынкі іхнія схаваныя ў цемры, і яны кажуць: «Хто бачыць нас і хто ведае пра нас?»

16[Гэта] падступнасьць вашая! Ці можа ганчар [лічыцца] роўным з глінаю? Ці можа твор сказаць таму, хто зрабіў яго: «Ты не зрабіў мяне»? Ці можа гаршчок сказаць ганчару свайму: «Ты нічога не разумееш»?

17Хіба ня ў хуткім часе Лібан пераменіцца ў сад, а сад будзе прызнаны за лес?

18І ў той дзень глухія пачуюць словы кнігі, а вочы сьляпых, [звольненыя] ад туману і цемры, убачаць,

19і пакорныя павялічаць радасьць сваю ў ГОСПАДЗЕ, а ўбогія зямлі будуць цешыцца ў Сьвятым Ізраіля.

20Бо зьнік крыўдзіцель, і прыйшоў канец насьмешніку, і зьнішчаныя ўсе, якія ганяліся за ліхоцьцем,

21якія словамі схілялі чалавека да грэху, якія ў браме ставілі пастку для судзьдзяў і зводзілі падманам праведнага.

22Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД, Які адкупіў Абрагама, да дому Якуба: «Ня будзе цяпер асаромлены Якуб, і не зьбя­лее цяпер аблічча ягонае,

23бо калі ён убачыць пасярод сябе дзяцей сваіх, справу рук Маіх, ён будзе сьвя­ціць імя Маё, і будуць шанаваць Сьвятога Якуба, і будуць баяцца Бога Ізраіля.

24І тыя, якія блукаюць духам, пазнаюць разуменьне, а тыя, якія наракаюць, навучацца розуму».

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath