Хрысціянства
назад

ІСАЯ 28

1Гора кароне пыхлівасьці п’яніцаў Эфраіма, зьвялай кветцы слаўнай аздобы ягонай, якая [расьце] на вяршыні даліны ўрадлівай, ап’янеўшы ад віна!

2Вось, ад ГОСПАДА [прыходзіць] дужы і магутны, як бура з градам, як ураган зьнішчальны, як паводка залеўная, і кіне [яго] на зямлю рукою [сваёй].

3Нагамі будзе патаптана карона пыхлівасьці п’яніцаў Эфраіма.

4І станецца, што зьвялая кветка слаўнай аздобы ягонай, якая [расьце] на вяршыні даліны ўрадлівай, будзе як рана [сасьпелая] фіга перад жнівом, якую, калі нехта ўбачыць, зрывае далоняй сваёй і зьядае яе.

5У той дзень ГОСПАД Магуцьцяў будзе каронай славы і велічнай дыядэмай для рэшты народу Свайго,

6і духам правасудзьдзя для таго, хто сядзіць у судзе, і мужнасьцю для тых, хто адкідае [ворага] ў бітве пры браме.

7А гэтыя блукаюць ад віна, і ад сікеры хістаюцца, сьвятар і прарок блукаюць ад сікеры, напіліся віна, хістаюцца ад сікеры, блукаюць у відзежы, спатыкаюцца ў пастановах [сваіх].

8Бо ўсе сталы поўныя ванітаў і запэцканыя, што няма месца [чыстага].

9Каго такі будзе вучыць веданьню? І каму будзе тлумачыць вучэньне? Дзецям, аднятым ад малака? Немаўлятам, аднятым ад грудзей?

10Бо прыказаньне за прыказаньнем, прыказаньне за прыказаньнем, правіла за правілам, там крыху і там крыху.

11Бо незразумелымі вуснамі і языком чужым будзе прамаўляць да народу гэтага

12Той, Які сказаў ім: «Вось супачынак! Дайце супачыць змучанаму! Вось адпачынак!» Але яны не хацелі слухаць.

13І было да іх слова ГОСПАДА: «Прыказаньне за прыказаньнем, прыказаньне за прыказаньнем, правіла за правілам, там крыху і там крыху», каб яны пайшлі і ўпалі на сьпіну, і разьбіліся, і каб ублыталіся, і каб былі схопленыя.

14Дзеля гэтага паслухайце слова ГОСПАДА, людзі блюзьнерчыя, якія пануеце над народам гэтым, які [жыве] ў Ерусаліме.

15Вы кажаце: «Мы заключылі запавет са сьмерцю і з адхланьню зрабілі дамову. Калі пройдзе біч навалы [ворагаў], ён ня дойдзе да нас, бо хлусьню мы зрабілі прыстанішчам нашым, і ў ашуканстве мы схаваліся».

16Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: «Вось, Я кладу на Сыёне камень, камень выпрабаваны, вуглавы, каштоўны, моцна ўгрунтаваны. Хто верыць у Яго, ня будзе ўцякаць.

17І Я пастаўлю суд як мерку і праведнасьць як грунтвагу, і град зьнішчыць прыстанішча хлусьні, і схоў ейны воды затопяць.

18І будзе разарваны запавет ваш са сьмерцю, і дамова вашая з адхланьню не ўтрымаецца. Калі пройдзе біч навалы [ворагаў], будзеце імі стаптаныя.

19Колькі разоў пойдзе [навала], схопіць вас, бо будзе яна праходзіць кожную раніцу, і ўдзень, і ўначы, і будзеце з жахам чуць вестку [гэтую].

20Бо надта кароткім будзе ложак, каб [на ім] выцягнуцца, і вузкім накрыцьцё, каб [ім] накрыцца.

21Бо паўстане ГОСПАД, як на гары Перацым, як у даліне ў Гібэоне, будзе Ён гневацца, каб учыніць справу Сваю, дзіўную справу Сваю, каб выканаць работу Сваю, незвычайную работу Сваю.

22І цяпер не насьміхайцеся, каб не заціснуліся кайданы вашыя; бо я чуў ад Госпада, ГОСПАДА Магуцьцяў, што прызначана зьнішчэньне для ўсёй зямлі.

23Прыхіліце вуха і паслухайце голас Мой, будзьце ўважлівыя і паслухайце словы Мае!

24Ці кожны дзень араты арэ для сяўбы, барануе і абрабляе ральлю сваю?

25Ці ж ён, калі выраўняе аблічча ейнае, ня сее чарнуху і не рассыпае кмен? Ці ня сее ён пшаніцу і ячмень на выбраным месцы, і жыта ў межах яе?

26І навучае яго пра такі парадак Бог ягоны, і вучыць яго.

27Бо не малоцяць чарнухі зубцамі [жалезнымі], [колам ад возу] не качаюць па кмене, але цэпам выбіваецца чарнуха, а кмен — палкаю.

28Ці таўкуць збожжа? Не бясконца малоціць яго малацьбіт, ён цягае па ім кола возу свайго, але коні ягоныя не таўкуць яго.

29Гэта таксама выйшла ад ГОСПАДА Магуцьцяў, Ён даў цудоўную раду, і вялікая мудрасьць Ягоная.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath