Хрысціянства
назад

ІСАЯ 26

1У той дзень у зямлі Юды будуць сьпяваць гэты сьпеў: «Горад магутны ў нас! Збаўленьне Сваё Ён даў замест муроў і валоў.

2Адчыніце брамы! Няхай увойдзе народ праведны, які захоўвае вернасьць.

3Таго, чые думкі скіраваныя [на Цябе], Ты захоўваеш у поўным супакоі, бо ён на Цябе спадзяецца.

4Спадзявайцеся на ГОСПАДА заўсёды; бо ГОСПАД, ГОСПАД — скала вечная.

5Бо Ён упакорыў тых, якія жывуць на вышынях, панізіў горад высокі, панізіў яго аж да зямлі, кінуў яго ў парахно.

6Топча яго нага, [топчуць] ногі ўбогага, стопы бедных.

7Сьцежка для праведніка простая, простыя крокі праведніка Ты робіш роўнымі.

8І на сьцежцы судоў Тваіх, ГОСПАДЗЕ, мы маем надзею на Цябе. Да імя Твайго і памяці пра Цябе імкнецца душа.

9Душа мая прагне Цябе ўначы, і дух мой у нутры маім шукае Цябе, бо калі суды Твае [адбываюцца] на зямлі, навучаюцца праведнасьці жыхары сусьвету.

10Калі зьлітуюцца над бязбожнікам, ён не навучыцца праведнасьці, і будзе ліхадзеіць у зямлі справядлівых і ня будзе глядзець на веліч ГОСПАДА.

11ГОСПАДЗЕ, узнесеная рука Твая, але яны ня бачаць. Няхай убачаць і асаромяцца тыя, што зайздросьцяць народу Твайму, і няхай агонь праглыне ворагаў Тваіх.

12ГОСПАДЗЕ, Ты даеш супакой нам, бо ўсе справы нашыя Ты выканаў для нас.

13ГОСПАДЗЕ, Божа наш, іншыя гаспадары, а ня Ты, панавалі над намі, але мы толькі Цябе і імя Тваё ўзгадваем.

14Памёршыя не ажывуць, мёртвыя не падымуцца, бо Ты пакараў іх і зьнішчыў, і сьцёр усякую памяць пра іх.

15Ты памножыў народ, ГОСПАДЗЕ, памножыў народ і праславіў Сябе, пашырыў усе межы зямлі.

16ГОСПАДЗЕ, у прыгнёце мы шукалі Цябе, маліліся ціха, калі кара Твая [была] на нас.

17Калі цяжарная мае нарадзіць, яна крычыць і енчыць у болю сваім, так і мы сталіся перад абліччам Тваім, ГОСПАДЗЕ!

18Мы былі цяжарнымі і качаліся ад болю, але нарадзілі вецер, [нічога] не зрабілі для збаўленьня зямлі, і жыхары сусьвету не адрадзіліся.

19Ажывуць памёршыя Твае, і пазабіваныя ўваскрэснуць. Абудзіцеся і сьпявайце, вы, што ляжыце ў парахне, бо раса Твая — раса сьвятла, і зямля аддасьць памёршых сваіх.

20Ідзі, народзе мой, увайдзі ў пакоі свае, зачыні дзьверы свае за сабою! Схавайся на малую хвілінку, пакуль праміне гнеў Ягоны.

21Бо вось, ГОСПАД выходзіць з месца Свайго, каб наведаць беззаконьне жыхароў зямлі, [кожнага] з іх. І зямля адкрые кроў, [пралітую] на ёй, і не схавае больш забітых сваіх.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath