Хрысціянства
назад

ІСАЯ 24

1Вось, ГОСПАД пустошыць зямлю і нішчыць яе, і руйнуе аблічча ейнае, і жыхароў ейных расьцярушвае.

2І што будзе з народам, тое і са сьвятаром; што са слугою, тое і з гаспадаром ягоным; што са служкай, тое і з гаспадыняй ейнай; што з тым, хто купляе, тое і з тым, хто продае; што з тым, хто пазычае, тое і з тым, хто дае; што з вінаватым [грошы], тое і з павернікам, [які даў грошы] яму.

3Спусташэньнем будзе спустошана зямля і рабаваньнем разрабаваная, бо ГОСПАД прамовіў гэткае слова.

4Высахла, зьвяла зямля, змарнеў і зьвяў сусьвет, змарнелі магнаты народу зямлі.

5І зямля апаганеная жыхарамі ейнымі, бо яны парушылі Закон, не спаўнялі пастановаў, зламалі запавет вечны.

6Дзеля гэтага праклён зьядае зямлю, і пакутуюць жыхары ейныя. Дзеля гэтага чэз­нуць жыхары зямлі, і засталося няшмат людзей.

7Сумуе маладое віно, вяне вінаграднік, уздыхаюць усе, якія радаваліся ў сэрцы [сваім].

8Заціхла вясёласьць бубнаў, змоўк гоман тых, якія весяляцца; заціхла вясёласьць гусьляў.

9Ня п’юць са сьпевамі віна, згоркла сікера для тых, якія п’юць [яе].

10Зруйнаваны, спустошаны горад, зачынены ўсе дамы, нельга ўвайсьці [ў іх].

11Крык на вуліцах дзеля [нястачы] віна, зьнікла ўсякая радасьць, пайшла ў палон вясёласьць зямлі.

12Засталася ў горадзе [толькі] пустэча, брама разьбітая ўшчэнт.

13Бо станецца пасярод зямлі, паміж народаў так, як пры абтрасаньні алівак, як пры зьбі­раньні [рэштак], калі скончыўся збор вінаграду.

14Яны падымуць голас свой, будуць выслаўляць веліч ГОСПАДА, будуць голасна клікаць ад мора.

15Дзеля гэтага слаўце ГОСПАДА на ўсходзе, і на астравах марскіх — імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля.

16З канцоў зямлі мы чуем сьпяваньне: «Слава Праведнаму!» Але я сказаў: «Я гіну, я гіну, гора мне! Ліхадзеі ліхадзейнічаюць, і, ліхадзейнічаючы, ліхадзеі ліхадзейнічаюць».

17Страх, яма і пастка на цябе, жыхару зямлі!

18І станецца, што той, хто ўцячэ ад крыку жаху, уваліцца ў яму, а той, хто вылезе з ямы, трапіць у пастку, бо адчыніліся вокны нябесныя і затрэсьліся падваліны зямлі.

19Развальваючыся, развальваецца зямля, трушчачыся, трушчыцца зямля, дрыжучы, дрыжыць зямля.

20Хістаючыся, хістаецца зямля, як п’яны, і гойдаецца, як калыска, цяжарам для яе стаўся грэх ейны; яна ўпадзе і ня ўстане.

21І станецца ў той дзень, ГОСПАД наведае войска нябеснае на вышынях і валадароў зямных на зямлі;

22і будуць яны зграмаджэньнем зграмаджаныя і ўвязьненыя ў яме, і будуць кінутыя ў вязьніцу, і праз шмат дзён будуць пакараныя.

23І месяц пачырванее, і сонца засароміцца, бо заваладарыць ГОСПАД Магуцьцяў на гары Сыён і ў Ерусаліме, і перад старшынямі ягонымі [будзе] слава Ягоная.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath