ІСАЯ 17
1Цяжар адносна Дамаску. Вось, Дамаск перастане быць горадам, і станецца купай руінаў.
2Пакінутыя будуць гарады Араэру і стануцца [выганам] для чародаў, і будуць адпачываць [там], і ніхто ня будзе палохаць [іх].
3І зьнікнуць гарады ўмацаваныя з Эфраіму і валадарства — з Дамаску, а рэшта Араму будзе як слава сыноў Ізраіля, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
4І станецца ў той дзень, што слава Якуба зьменшыцца, а тлустасьць цела ягонага схуднее.
5І станецца так, нібыта жнец жне збожжа і рамяно ягонае зразае каласы. І станецца, нібыта зьбіраюць каласы ў даліне Рэфаім.
6І застанецца ў яго недазьбіранае, як бывае пры зборы алівак, дзьве або тры аліўкі на самым версе, чатыры або пяць на галінках плодных, кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля.
7У той дзень будзе ўглядацца чалавек на Таго, Хто зрабіў яго, і вочы ягоныя будуць глядзець на Сьвятога Ізраіля.
8І ня будзе ён углядацца на ахвярнікі, працу рук ягоных, і на тое, што зрабілі пальцы ягоныя, ня будзе ён глядзець на Астартаў і на выявы сонца.
9У той дзень умацаваныя гарады ягоныя будуць, як пакінутыя [гарады] ў лясах і на вяршынях [гор], якія пакінулі перад сынамі Ізраіля, і будзе [там] пустэча.
10Бо ты забыўся на Бога збаўленьня твайго і пра скалу апоры тваёй ня памятаў, і таму ты пасадзіў сады для пацяшэньня і пасеяў вінаград чужынскі.
11У дзень, калі ты садзіў яго, ты клапаціўся, каб яно расло і каб пасеянае табой рана расквітнела, [але] прападзе жніво ў дзень немачы і болю невылечнага.
12Гора! Мноства шматлікіх народаў, яны шумяць як шуміць мора. Гармідар плямёнаў, яны бушуюць, як бушуюць воды магутныя.
13Бушуюць плямёны, як бушуюць воды вялікія; але пасварыцца на іх [Бог], і яны ўцякуць далёка, і будуць падхопленыя ветрам як мякіна на гарах і як [круціцца] віхор перад бурай.
14[Прыйшоў] час вечаровы, і вось, вусьціш! І перад раніцай ужо няма яго. Гэткая доля тых, якія нас рабавалі, такі лёс крыўдзіцеляў нашых.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath