Хрысціянства
назад

ІСАЯ 14

1І блізкі ўжо час ягоны, і дні ягоныя ня будуць цягнуцца. Бо зьлітуецца ГОСПАД над Якубам, і зноў выбярэ Сабе Ізраіля, і зьмесьціць іх у зямлі іхнія; і далучыцца да іх прыхадзень, і будзе належаць да дому Якуба.

2І возьмуць іх народы, і завядуць іх да месца іхняга, і атрымае іх дом Ізраіля ў зямлі ГОСПАДА як слугаў і служак. І яны палоняць тых, якія іх паланілі, і будуць мець уладу над крыўдзіцелямі сваімі.

3І станецца ў дзень, калі ГОСПАД дасьць табе супачынак ад пакутаў тваіх, ад гароты тваёй і ад працы цяжкай, якую ты мусіў рабіць,

4што ўзьнясеш ты гэтую прыповесьць пра валадара Бабілонскага, і скажаш: «Як надыйшоў канец крыўдзіцелю, спыніліся зьдзекі ягоныя!

5Паламаў ГОСПАД кій бязбожнікаў, дубец тых, што пануюць,

6які біў народы ў лютасьці, б’ючы няспынна, які ў гневе меў уладу над народамі, перасьледуючы іх без шкадаваньня.

7Супачыла, супакоілася ўся зямля, сьпявае радасна.

8Нават кіпарысы і кедры лібанскія радуюцца дзеля цябе, [кажучы]: “Калі ты зьлёг, ні­хто не прыходзіць сьсякаць нас”.

9Апраметная, што ўнізе, затрэслася дзеля цябе, каб [выйсьці] насустрач прыходу твайму, абудзіць дзеля цябе памёршых, усіх правадыроў зямлі, і падняць з пасадаў іхніх усіх валадароў народаў.

10Усе яны адкажуць і скажуць табе: “Таксама ты саслабеў, як і мы, стаўся падобным да нас”.

11Укінута ў апраметную пыха твая і гукі гусьляў тваіх. Паслана пад табою чарвямі, і чарвяк — накрыцьцё тваё.

12Як ты зваліўся з неба, дзяньніца, сын зараніцы? Разьбіўся аб зямлю той, які перамагаў народы.

13Ты казаў у сэрцы тваім: “Узыйду на неба і вышэй зорак Божых пастаўлю пасад мой, і сяду на гары зграмаджэньня, на скраю поўначы,

14падымуся па-над вяршыні аблокаў, буду падобны да Найвышэйшага”.

15Але ты скінуты ў пекла, на самае дно!

16Тыя, што ўбачаць цябе, будуць прыглядацца да цябе і разважаць: “Ці ж гэта ня той муж, які ўстрасаў зямлю, хістаў валадарствы,

17які ўвесь сусьвет зрабіў пустыняю, а гарады ягоныя руйнаваў, які палонных сваіх не адпускаў дадому?”

18Усе валадары народаў, усе яны ляжаць у славе, кожны ў доме сваім,

19а ты выкінуты з магілы тваёй як парасьць абрыдлая, ты аточаны забітымі, прабітымі мячом, якіх кладуць на камянях ямы [магільнай], як труп растаптаны.

20Ты ня будзеш далучаны да іх у магіле, бо ты загубіў зямлю тваю, пазабіваў народ твой. Ня будзе ўзгадвацца на вякі насеньне злачынцаў.

21Падрыхтуйце разьню для сыноў ягоных за беззаконьне бацькоў іхніх, каб яны не паўсталі, і ня ўзялі ў спадчыну зямлю, і не напоўнілі аблічча сусьвету гарадамі [сваімі]».

22І Я паўстану супраць іх, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і выгублю імя Бабілону, і рэшту, і нашчадка, і ўнука, кажа ГОСПАД.

23І Я зраблю яго паселішчам вожыкаў і возерам водным, і вымяту яго мятлою зьнішчэньня, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.

24Прысягнуў ГОСПАД Магуцьцяў, кажучы: «Сапраўды, як Я задумаў, так і станецца, і што Я вырашыў, тое споўніцца.

25Я скрышу Асірыю на зямлі Маёй і на гарах Маіх стапчу яе. І здымецца з іх ярмо ейнае, і цяжар ейны зваліцца з плячэй іхніх.

26Гэта рада, якая раджаная адносна ўсёй зямлі, і гэта рука, якая выцягнутая над усімі народамі.

27Бо ГОСПАД Магуцьцяў вырашыў, і хто перашкодзіць? І рука Ягоная выцягнутая, і хто адверне яе?»

28У год сьмерці валадара Ахаза быў такі цяжар [ад Госпада]:

29«Ня радуйся, уся [зямля] Філістынская, што зламаны дубец, які біў цябе, бо з кораня зьмяінага выйдзе га­дзюка, і плодам яе [будзе] гадзіна крылатая.

30І будуць пасьвіцца першародныя бедных, і ўбогія адпачнуць бясьпечна, а корань твой Я вымару голадам і выб’ю рэшту тваю.

31Галасі, брама! Крычы, горад! Дрыжы, уся [зямля] Філістынская! Бо з поўначы прыходзіць дым, і ніхто не адстае ад дружынаў ягоных.

32І што адкажуць пасланцам народаў? Тое, што ГОСПАД заснаваў Сыён і ў ім маюць надзею прыгнечаныя з народу Ягонага».

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath