ОСІЯ 13
1Калі прамаўляў Эфраім, [усе] трымцелі, ён быў узвышаны ў Ізраілі. Але ён стаўся вінаватым праз Баала і памёр.
2А цяпер павялічваюць грэх і робяць сабе літыя выявы са срэбра свайго, ідалаў паводле разуменьня свайго. Гэта ўсё ў іх выраб разьбярскі. Яны кажуць: «Людзі, якія складаюць ахвяры, няхай цалуюць цяля».
3Дзеля гэтага будуць яны як туман ранішні, як раса, што хутка зьнікае, як мякіна, якую вецер разносіць на току, і як дым з коміну.
4Але Я — ГОСПАД, Бог твой, [ад выхаду] з зямлі Эгіпецкай, і ты ня ведаў Бога, акрамя Мяне, і няма Збаўцы, акрамя Мяне.
5І Я пазнаў цябе ў пустыні, у зямлі вельмі сухой.
6На пашах сваіх яны насыціліся; яны насыціліся, і ўзганарылася сэрца іхняе, і яны забыліся пра Мяне.
7І Я буду для іх як леў, як леапард на дарозе буду цікаваць [на іх].
8Я сустрэну іх як мядзьведзіца, пазбаўленая дзяцей, і разарву заслону сэрца іхняга, і зьем іх там як леў; зьвер палявы разьдзярэ іх.
9Ты сам сябе зьнішчыў, Ізраіль, бо ў-ва Мне дапамога твая.
10Дзе цяпер валадар твой, які выбавіць цябе ў-ва ўсіх гарадах тваіх? І дзе судзьдзі твае, якім ты казаў: «Дай мне валадара і князёў»?
11Я даў табе валадара ў гневе Маім і забраў яго ў абурэньні Маім.
12Зьвязанае ў вузел беззаконьне Эфраіма, захаваны грэх ягоны.
13Болі, як у парадзіхі, прыйдуць на яго. Ён — сын бяз мудрасьці, бо ня стаў у час у месцы нараджэньня сыноў.
14Я выбаўлю іх ад рукі пекла, адкуплю іх ад сьмерці. Сьмерць, дзе джала тваё? Пекла, дзе перамога твая? Спачуваньне схаванае перад вачыма Маімі.
15Хоць ён прыносіць плады між братамі, прыйдзе вецер усходні. Вецер ГОСПАДА з пустыні ўзьнімаецца, і прыбярэ жаролы ягоныя, і высушыць крыніцы ягоныя. Ён спустошыць скарбніцу ўсіх начыньняў каштоўных.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath