ГЕБРАЯЎ 5
1Бо ўсякі першасьвятар, які спаміж людзей бярэцца, дзеля людзей стаўляецца на тое, што Божае, каб прыносіў дары і ахвяры за грахі,
2каб мог спачуваць тым, якія не разумеюць і заблукалі, бо і сам абложаны нядужасьцю,
3і праз гэта павінен як за народ, гэтак і за сябе прыносіць [ахвяры] за грахі.
4І ніхто сам сабою не прыймае гэтую пашану, але той, хто пакліканы Богам, як і Аарон.
5Гэтак і Хрыстос ня Сам Сябе праславіў, каб быць Першасьвятаром, але Той, Які сказаў Яму: «Ты — Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе»,
6а таксама ў іншым [месцы] кажа: «Ты — сьвятар на вякі паводле парадку Мэльхісэдэка».
7Ён у дні цела Свайго з вялікім крыкам і сьлязьмі прыносіў просьбы і ўпрошваньні да Таго, Які мог збавіць Яго ад сьмерці, і быў выслуханы дзеля багабойнасьці.
8Хоць Ён — Сын, але навучыўся паслухмянасьці праз тое, што перацярпеў,
9і, споўніўшы [ўсё], стаўся для ўсіх, якія паслухмяныя Яму, прычынаю вечнага збаўленьня,
10названы ад Бога Першасьвятаром паводле парадку Мэльхісэдэка.
11Адносна Яго мы маем шмат сказаць, і цяжка выказаць, бо вы сталіся маруднымі, каб слухаць.
12Бо вы, якія паводле часу павінны быць настаўнікамі, ізноў маеце патрэбу, каб вучылі вас падставовым пачаткам словаў Божых, і вы маеце патрэбу ў малацэ, а ня ў цьвёрдай страве.
13Бо ўсякі, хто спажывае малако, неспрактыкаваны ў слове праведнасьці, бо ён — немаўля.
14А цьвёрдая страва ёсьць для дасканалых, у якіх праз ужываньне разуменьне спрактыкаванае распазнаваць добрае і ліхое.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath